Указ Лукашэнкі № 81 ад 25 лютага «Аб выкарыстаньні авіямадэляў» увёў азначэньне авіямадэлі, Савету міністраў загадана распрацаваць правілы іх выкарыстаньня. Выкарыстаньне авіямадэляў можа зьдзяйсьняцца без дазволу Адзінай сыстэмы арганізацыі паветранага руху, але паводле правілаў, якія мае распрацаваць Саўмін.
Авіямадэльлю ва ўказе называецца «лятальны апарат без чалавека на борце, кіраваньне палётам якога магчымае толькі пры ўмове візуальнага кантакту зь ім, а таксама некіраваны лятальны апарат». Пад такое азначэньне зь невядомай прычыны не падпадаюць бесьпілётнікі, якімі можна кіраваць безь візуальнага кантакту, затое могуць падпасьці любыя лятучыя рэчы — хоць папяровыя самалёцікі.
Верагодна, азначэньне можа быць удакладненае ў правілах Саўміна. Цягам трох месяцаў той павінен забясьпечыць падрыхтоўку і ўнясеньне законапраектаў у Палату прадстаўнікоў. Гэтыя законапраекты павінны прыбраць з Паветранага кодэксу апараты, якія не нясуць пагрозы палётам паветраных суднаў, а ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях дадаць адказнасьць за парушэньне парадку выкарыстаньня авіямадэляў. Цягам шасьці месяцаў Саўмін павінен распрацаваць уласна правілы выкарыстаньня авіямадэляў і прывесьці ў адпаведнасьць з указам іншыя акты заканадаўства.
«Гэта зьвязана з тым, што апошнім часам авіямадэлі атрымалі шырокі распаўсюд і могуць быць выкарыстаныя патэнцыйнымі тэрарыстамі, экстрэмістамі ці проста ў злачынных мэтах, — тлумачыць БЕЛТА. — Асаблівую трывогу выклікае бесьперашкоднае выкарыстаньне небясьпечных лётных апаратаў над натоўпам людзей. Каб выключыць патэнцыйна небясьпечнае выкарыстаньне авіямадэляў, практыку іх ужываньня было вырашана рэглямэнтаваць».
Раней у Беларусі рэгулявалася выкарыстаньне бесьпілётных лётных апаратаў, для выкарыстаньня якога трэба было атрымліваць допуск, узгадняць плян палёту і праходзіць мэдкамісію. Але практычна не рэгулявалася выкарыстаньне авіямадэляў, да якіх можна было аднесьці і дроны, у тым ліку тыя, якія могуць весьці авіяздымку.
Бесьпілётнік могуць сканфіскаваць, а ўладальніка — аштрафаваць проста за палёт над кацельнай. Вядомы прынамсі адзін выпадак, калі ў беларускага журналіста сканфіскавалі і не вярнулі дрон, а таксама прынамсі адзін выпадак, калі бесьпілётнік зьбілі вайскоўцы. І прынамсі адзін выпадак, калі беларускія вайскоўцы згубілі свой жа бесьпілётнік.
Самы просты кіраваны лятальны апарат у Беларусі можна набыць за пару соцень тысяч рублёў, дрон з камэрай каштуе ад некалькіх мільёнаў да некалькіх дзясяткаў мільёнаў. На сёньня яны прадаюцца вольна, без аніякіх абмежаваньняў.