У Маскве затрымалі жанчыну з галавой дзіцяці ў руках

У Маскве каля станцыі мэтро «Октябрьское поле» жанчына з галавой забітага дзіцяці пачала крычаць «Алах Акбар» і пагражаць самападрывам. Раней у тым самым раёне ў згарэлай кватэры знайшлі цела абезгалоўленага дзіцяці, паведамляе РБК.

Выбухатэхнікі абсьледавалі тэрыторыю вакол станцыі мэтро і пакет, у якім жанчына прынесла галаву. Выбухоўкі не знайшлі.

Пра гэта радыёстанцыі «Гаворыць Масква» паведаміў сьведка.

Сьледчыя прызначылі затрыманай судова-псыхіятрычную экспэртызу.

Паводле вэрсіі сьледзтва, сёньня раніцай у кватэры па вуліцы Народнага Апалчэньня пасьля тушэньня пажару было знойдзена цела дзяўчынкі прыкладна 3-4 гадоў. Па ўсіх прыкметах яна была забітая. Паводле папярэдніх дадзеных, няня — грамадзянка адной зь дзяржаваў Сярэдняй Азіі — забіла дзіця, адсекла яму галаву, падпаліла кватэру і пакінула месца здарэньня.

Тэлеканал РЕН ТВ апублікаваў відэа затрыманьня жанчыны каля мэтро «Октябрьское поле». Затрымаць яе ўдалося пасьля таго, як адзін з паліцыянтаў паваліў яе на асфальт.

Паводле падазрэньня ў забойстве затрыманая 38-гадовая ўраджэнка Самаркандзкай вобласьці (Узбэкістан) Гюльчэхра Бабакулава, паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах. Паводле папярэдніх дадзеных, яна была ў стане наркатычнага ап’яненьня.