У Менску ўшанавалі памяць Барыса Нямцова. ФОТАРЭПАРТАЖ

У Менску 27 лютага ўшанавалі памяць расейскага палітыка Барыса Нямцова, забітага год таму ў цэнтры Масквы. Ініцыявалі памінальную акцыю ў Менску актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якія прапанавалі неабыякавым беларусам прыйсьці да амбасады Расеі.

Як паведаміў БелаПАН лідэр АГП Анатоль Лябедзька, ушанаваць памяць Нямцова каля расейскай амбасады сабраліся каля паўтара дзясяткаў чалавек, у асноўным актывісты АГП, а таксама прадстаўнікі іншых дэмакратычных сілаў, напрыклад «Эўрапейскай Беларусі». Яны паставілі партрэт Нямцова і запалілі ля яго сьвечкі.


«На жаль, пакуль у Менску няма нейкага памятнага месца, зьвязанага з Барысам Нямцовым. Спадзяюся, што калі-небудзь у Менску зьявіцца і вуліца імя Барыса Нямцова. Ну, а пакуль абралі амбасаду, таму што гэта ўсё-такі нейкі сымбаль краіны, у якой нарадзіўся, вырас, жыў і загінуў Барыс Нямцоў», — адзначыў Лябедзька.


Паводле яго, памінальная акцыя праходзіла ў прысутнасьці асоб у цывільнымі, якія назіралі за тым, што адбываецца і здымалі на відэакамэру.


«Мы сыходзілі, а людзі працягвалі прыходзіць і ўскладаць кветкі. Так што я думаю, мы сваім заклікам проста далі старт, і людзі яшчэ на працягу дня знойдуць магчымасьць падысьці і ўшанаваць памяць Нямцова», — адзначыў лідэр АГП.