За пасаду прэзыдэнта ФІФА ў другім туры пазмагаюцца ярданскі прынц, бахрэйнскі шэйх і швэйцарскі юрыст

У Цюрыху на пазачарговым кангрэсе Міжнароднай фэдэрацыі футболу ФІФА прынялі пакет радыкальных рэформаў ФІФА і абіраюць новага прэзыдэнта гэтай арганізацыі.

У першым туры галасаваньня 88 галасоў набраў генэральны сакратар саюзу эўрапейскіх футбольных асацыяцый УЭФА, швэйцарскі юрыст Джані Інфантына, 85 — прэзыдэнт Азіяцкай футбольнай канфэдэрацыі, шэйх Салман бін Ібрагім аль-Халіфа і 27 — віцэ-прэзыдэнт ФІФА ад Азіі, ярданскі прынц Алі бэн аль-Хусэйн.

Гэтыя тры кандыдаты будуць змагацца за пасаду прэзыдэнта ФІФА ў другім туры.

Новы прэзыдэнт заменіць на гэтай пасадзе Зэпа Блатэра. Блатэр са скандалам быў адхілены ад кіраўніцтва ФІФА і пазбаўлены права працаваць у футбольнай індустрыі на працягу васьмі гадоў.

Прычынай рашэньня стаў санкцыянаваны Блатэрам ў 2011 годзе буйны грашовы перавод — 2 млн. швэйцарскіх франкаў (амаль 2 млн. даляраў) — на імя кіраўніка Саюзу эўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) Мішэля Плаціні.

Перад пачаткам выступаў кандыдатаў дэлегаты большасьцю ў 89% прагаласавалі за пакет рэформаў ФІФА, які, у прыватнасьці, уключае:

Стварэньне Рады ФІФА ў складзе 36 чалавек, сярод якіх — як найменей шэсьць жанчын.

Стварэньне Генэральнага сакратарыяту для кіраўніцтва дзелавымі апэрацыямі ФІФА.

Абмежаваньне агульнага тэрміну знаходжаньня на прэзыдэнцкай пасадзе: максымум 3 выбарных тэрмінаў, 12 гадоў.

Праверка працы ФІФА незалежным аўдытам і Камітэтам па кантролі за выкананьнем правілаў.

Скарачэньне колькасьці камітэтаў ФІФА з 26 да 9.