У ЗША 23-гадовы ўкраінец з пратэрмінаванай візай выдаваў сябе за школьніка

Артур Самарын - Ашэр Потс у 2014 годзе

Артур Самарын выкарыстаў падробленыя дакумэнты каб застацца ў Штатах, паведамілі ў паліцыі Гарызбургу, штат Пэнсыльванія.

Амэрыканская паліцыя ўстанавіла, што 23-гадовы ўкраінец Артур Самарын выдаваў сябе за школьніка Ашэра Потса ў Пэнсыльваніі.

Самарын выкарыстаў падробленыя дакумэнты каб застацца ў краіне пасьля таго, як яго віза скончылася. Паліцыя гораду Гарызбург затрымала яго і выставіла абвінавачваньні.

Самарына абвінавачваюць у крадзяжы асабістых дадзеных і падробцы дакумэнтаў.

У школу Гарызбургу Потс паступіў ў 2012 годзе па падробленых дакумэнтах, яму заставалася менш як чатыры месяцы да выпуску.

Там ён вучыўся выдатна, працаваў у мясцовым прадуктовым банку (дабрачынная арганізацыя, якая прадстаўляе ежу бедным), выступаў на форуме супраць гвалту, а таксама ўдзельнічаў у праграмах папярэдняй падрыхтоўкі афіцэраў амэрыканскай арміі і флёту.


«Ён быў вельмі паважаным хлопцам, ідэальным прыкладам для перайманьня», —

цытуюць СМІ Марсэля МакКаскіла, які вучыўся разам з Самарыным-Потсам.


МакКаскіл кажа, што некаторыя школьнікі маглі жартаваць над Самарыным з-за акцэнту — маўляў, «рускі шпіён», — «але, як па мне, зь ім было ўсё ў парадку».

У паліцыі шукаюць саўдзельнікаў Самарына і кажуць, што ягоныя падробленыя імя і прозьвішча напэўна выдуманыя, а не належаць нейкаму сапраўднаму чалавеку.