Лукашэнка: Таваразварот з Расеяй у 2015 годзе зьнізіўся больш як на чвэрць і падае трэці год

Аляксандар Лукашэнка выступае пасьля пасяджэньня Вышэйшага дзяржаўнага савету саюзнай дзяржавы

Падчас пасяджэньня вышэйшага дзяржасавету «саюзнай дзяржавы» ў Менску Аляксандар Лукашэнка так ахарактарызаваў цяперашнюю сытуацыю ў стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй:

«Нашу інтэграцыю выпрабоўваюць на трываласьць глябальная эканамічная нестабільнасьць, крызіс даверу ў міжнародных адносінах, эскаляцыя збройных канфліктаў і абвастрэньне інфармацыйных войнаў. Зарукай дасягненьня агульных мэтаў інтэграцыі працягвае заставацца канструктыўны дыялёг у палітыцы, эканоміцы, бясьпецы, сацыяльнай і культурнай сфэрах».

Паводле Лукашэнкі, Беларусь і Расея ня ў поўнай меры рэалізуюць патэнцыял гандлёва-эканамічных адносін:

«Ужо трэці год, на жаль, адзначаецца падзеньне ўзаемнага таваразвароту. У 2015 годзе ён зьнізіўся больш як на чвэрць. Гэтую нэгатыўную тэндэнцыю мы можам і павінны пераламаць сумеснымі намаганьнямі».

Кіраўнік Беларусі адзначыў, што любыя дысбалянсы ў адносінах паміж краінамі, няўзгодненасьць у правядзеньні эканамічнай палітыкі адчувальныя для ўзаемнага гандлю.

«Таму ліквідацыя бар’ераў, забесьпячэньне эфэктыўнага функцыянаваньня адзінага рынку тавараў, паслуг і капіталу, а таксама ўзаемная падтрымка — зоны нашага агульнага інтарэсу», — цытуе БелТА Лукашэнка.

Паводле кіраўніка Беларусі, падчас пасяджэньня будуць закранацца пытаньні вайсковага супрацоўніцтва:

«Ваенна-палітычныя крызысы, якія захоўваюцца, вяртаньне шэрагу краін да блёкавага мысьленьня, паўсюднае выкарыстаньне санкцыяў як інструмэнта палітычнага ціску вымушаюць нас трымаць порах сухім. Таму асаблівая ўвага сёньня будзе аддадзена абароннаму будаўніцтву».