Карбалевіч: Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце заявіла на сустрэчы зь віцэ-старшынём Эўрапейскай камісіі па пытаньнях энэргетычнага саюзу ЭЗ Марашам Шэфчовічам, што праблема будоўлі Астравецкай АЭС павінна быць клопатам усяго Эўразьвязу.
Кіраўніца літоўскай дзяржавы адзначыла: «Мы абавязаныя патрабаваць, каб Астравецкая АЭС адпавядала самым жорсткім міжнародным стандартам бясьпекі, была праведзеная празрыстая і незалежная ацэнка ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе». У Літвы, адзначыла яна, выклікаюць неспакой заявы Беларусі пра тое, што будаўніцтва Астравецкай АЭС будзе самым танным у сьвеце. «Будаўнічыя працы на АЭС вядуцца пасьпешліва і без датрыманьня стандартаў якасьці». Паводле прэзыдэнта Літвы, ацэнка ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе БелАЭС выканана непразрыста і парушае Орхускую канвэнцыю і канвэнцыю Эспоо. «Экспэртам МАГАТЭ не дазваляецца правесьці незалежную ацэнку месца будоўлі Астравецкай АЭС», — адзначае яна.
Беларускі бок усе падобныя абвінавачваньні адкідае. Хоць інфармацыя, якая гучала раней з вуснаў афіцыйных асобаў, што будаўніцтва станцыі ідзе з апераджэньнем графіку, сапраўды выклікае неспакой.
Але пакінем убаку праблемы бясьпекі і пагаворым пра эканамічную мэтазгоднасьць будоўлі гэтай станцыі. Вось спадарыня Грыбаўскайце заклікае ЭЗ не купляць электраэнэргію, вырабленую на Астравецкай АЭС. Падаецца, што гэты праект падобны да іншых праектаў дзяржаўных інвэстыцыяў. Вось пабудавалі цэмэнтныя, дрэваапрацоўчыя заводы. І толькі пасьля высьвятляецца, што яны нерэнтабэльныя, іх прадукцыя ня мае збыту. Нешта падобнае, прагназую, адбудзецца і цяпер. З экспартам электраэнэргіі нічога не атрымаецца, а продаж на ўнутраным рынку не акупіць АЭС.
Розьніца толькі ў тым, што кошт АЭС — звыш 10 млрд даляраў. І гэты доўг павісьне на дзяржаўным бюджэце, Беларусь трапіць у расейскую даўгавую кабалу. Гэта самая грандыёзная афэра за ўвесь пэрыяд кіраваньня Лукашэнкі.
Цыганкоў: На гэты момант выступаць супраць будаўніцтва АЭС ня мае практычнага сэнсу. Раней, 5–7 год таму, дыскусіі вакол гэтага будаўніцтва былі актуальнымі і абгрунтаванымі. Будаўніцтва ўжо пачалося, і згарнуць яго не ўяўляецца магчымым. Укладзеныя мільярды даляраў, цэлы гарадок будаўнікоў вырас у Астраўцы. АЭС становіцца чыньнікам беларускай і ваколбеларускай палітыкі.
У палітычным сэнсе выступ Далі Грыбаўскайце важны для яе і яе электарату, бо яна выказвае клопат пра бясьпеку і навакольнае асяродзьдзе, умовы, на якіх будзе спажывацца электраэнэргія. То бок выступае як адказны палітык, які дбае пра ўсе акалічнасьці.
У беларускім грамадзтве ня толькі сярод праўладна настроеных людзей, але і сярод апазыцыі хапае людзей, якія ўхваляюць АЭС, бо яе існаваньне якасна зьмяншае залежнасьць ад нафтагазавых паставак. Калі яна і будзе пабудаваная на расейскія грошы і расейскімі пастаўшчыкамі, то потым некаторыя неабходныя кампанэнты можна будзе закупляць у іншых краінах, а станцыя застанецца. Эўропа цяпер ня мае аднолькавага стаўленьня да АЭС, ёсьць краіны, якія вырашылі скарачаць іх колькасьць і пазбыцца іх зусім — Нямеччына, а ёсьць, напрыклад, Францыя, дзе гэты від энэргіі застаецца галоўным і плянаў па зьмяншэньні яе долі няма. Таму палярнае стаўленьне да АЭС — гэта ня чыста беларускі фэномэн.
Каліноўскі: У Беларусі фактычна няма патрэбы ў той энэргіі, якую б магла вырабляць будучая электрастанцыя. Калі б у Беларусі быў актыўны эканамічны рост, ствараліся новыя фабрыкі, заводы, новыя магутнасьці... Літоўцы таксама не захочуць купляць гэтую электраэнэргію. Таму станцыя, магчыма, і стане вялікай афэрай, калі ня здарыцца эканамічнага буму ў нашым рэгіёне і ў Беларусі ў прыватнасьці.
Асьцярогі Літвы вельмі зразумелыя — АЭС будуецца непадалёк ад Вільні, будуецца паводле праекту, які яшчэ нідзе не апрабаваны, такіх станцыяў нават у Расеі няма, яны ня дзейнічаюць, а толькі будуюцца ў Калінінградзкай і Ленінградзкай абласьцях, прычым будуюцца з абваламі і аварыямі.
Да літоўскай нязгоды з будаўніцтвам АЭС у Астраўцы Беларусь і Расея ніяк не прыслухоўваюцца. Гэта ня першы зварот да афіцыйнага Менску і Масквы. Будоўля ідзе хуткімі тэмпамі, часам нават кажуць «з апярэджваньнем графіку» і ганарацца гэтым. Няма куды сьпяшацца, а ўжо прывезьлі корпус першага рэактара. Пры гэтым няма нават канчатковага праекту АЭС, бо ён ствараецца па ходу будаўніцтва.
Ня дзіва, што ў Літве, дэмакратычнай краіне, пратэстуюць супраць гэтага будаўніцтва, якое можа стаць і небясьпечным. Дзіўна, што ў Беларусі з гэтым пагадзіліся, зьмірыліся, а на Астравеччыне людзі нават рады новым працоўным месцам і пэрспэктывам. Калі выбух, якія будуць пэрспэктывы Астравеччыны?
Ня так шмат прайшло з часу аварыі на ЧАЭС, сёлета будзе 30 год трагедыі. Але ўрад ужо гатовы да новых атамных экспэрымэнтаў.
Расейскія навукоўцы, якія праектуюць гэтую станцыю, напэўна, зрабілі высновы з аварыі на ЧАЭС. Але пасьля распаду СССР расейская навука і вытворчасьць дэманструюць яўныя прыкметы дэградацыі, таму будаваць АЭС паводле расейскага праекту вельмі рызыкоўна.
Актывісты, якія выступаюць супраць гэтай АЭС у Астраўцы, спадзяюцца, што яе ўсё ж не дабудуюць, што ў часе крызісу ня хопіць грошай. Будзем спадзявацца, што ніякіх аварыйных сытуацыяў з гэтай прычыны ня ўзьнікне.