Бацькам Жызьнеўскага прызначаная пажыцьцёвая стыпэндыя ад украінскага ўраду

Украінскі ўрад прызначыў пажыцьцёвую стыпэндыю бацькам загінулага Героя Нябеснай Сотні Міхаіла Жызьнеўскага.

Пра гэта гаворыцца ў адпаведнай пастанове «Аб пажыцьцёвай стыпэндыі памяці М. Жызьнеўскага», паведамілі ў прэс-службе Міністэрства сацыяльнай палітыкі Украіны.

«У выкананьне ўказу прэзыдэнта мы ўстанавілі пажыцьцёвую стыпэндыю бацькам Героя Нябеснай Сотні Міхаіла Жызьнеўскага, грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які аддаў сваё жыцьцё за будучыню Украіны», — сказаў УНІАН міністар сацыяльнай палітыкі Павал Разенка.

Памер пажыцьцёвай стыпэндыі бацькам Жызьнеўскага — Міхаілу Пятровічу і Ніне Васільеўне, якія жывуць у Беларусі, складзе 3 тыс. 250 грн кожнаму.

Дасылаць стыпэндыю будзе дэпартамэнт сацыяльнай абароны насельніцтва Чарнігаўскай аблдзяржадміністрацыі паштовым пераводам. Выдаткі на выплату і дастаўку стыпэндыі будуць фінансавацца са сродкаў дзяржбюджэту па праграме «Дзяржаўныя пажыцьцёвыя стыпэндыі».

Міхась Жызьнеўскі быў другой па ліку ахвярай расстрэлаў Эўрамайдану зь «Нябеснай Сотні» — змагароў, якія палеглі на барыкадах за свабоду і незалежнасьць Украіны. Цела Міхася Жызьнеўскага пасьля адпяваньня і ўрачыстых провадаў прывезьлі з Кіева і пахавалі на родавых могілках па лініі маці ў вёсцы Сьцяг Працы пад Гомелем.

Украінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка пасьмяротна ўзнагародзіў Міхася Жызьнеўскага Ордэнам Герояў Нябеснай Сотні. На прыёме ў сваёй рэзыдэнцыі ўкраінскі прэзыдэнт асабіста ўручыў ордэн бацькам Міхася — Ніне Васільеўне і Міхаілу Пятровічу, паабяцаўшы, пасьля зьмены Вярхоўнай Радай заканадаўства, прысвоіць іх сыну і званьне Героя Ўкраіны.