Фігуранты «справы графіцістаў» Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі і Вячаслаў Касінераў не пагадзіліся з прысудам, паводле якога мусяць сплаціць ад 30 да 50 базавых велічынь штрафу за псаваньне маёмасьці. Менскі гарадзкі суд з трэцяй спробы прызначыў актывістам месца і час разгляду справы, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Пякарскаму, Жаромскаму і Касінераву пагражала да 6 год пазбаўленьня волі. Іх вінавацілі ў напісаньні графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...», а таксама ў тым, што запэцкалі сацыяльную рэкляму зь міліцыянтамі. На думку намесьніка кіраўніка «Вясны», хлопцаў арыштавалі за «нешта большае». У выніку яны атрымалі толькі штрафы, на якія ў хуткім часе былі сабраныя грошы праз інтэрнэт.
Падчас суду міліцыянты жорстка зьбілі актывістаў Максіма Шыціка і Паўла Сяргея, а таксама журналіста Паўла Дабравольскага, а затым суд аштрафаваў трох зьбітых, грунтуючыся на паказаньнях міліцыянтаў.