Сотні жыхароў вёскі Ігаўка, пасёлкаў Майскі і Высакапольле пратэстуюць супраць разьмяшчэньня тут палігону прамысловых адкідаў Добрускай папяровай фабрыкі «Герой працы» і новай вытворчасьці крэйдаваных і некрэйдаваных відаў трохслойнага кардону, якую будуюць у райцэнтры кітайскія рабочыя. Пад пэтыцыяй на адрас Адміністрацыі прэзыдэнта і мясцовых выканаўчых органаў падпісаліся ўжо звыш чатырохсот мясцовых жыхароў.
Вяскоўцы ўстрывожыліся, калі прачыталі днямі ў раённай газэце «Добрускі край» паведамленьне пра так званыя грамадзкія абмеркаваньні будаўніцтва палігону прамысловых адкідаў «Высакапольле». Фармулёўкі прымусілі задумацца. Па-першае, сказана, што будаўніцтва аб’екту «Высакапольле» скарэктавана. Значыць, раней быў нейкі іншы праект. Па-другое, Добрускі райвыканкам не прызначае слуханьні, а толькі прапануе жыхарам вызначыць, патрэбны грамадзкія слуханьні на гэты конт ці не.
Заказчык аб’екту — ААТ «Кіроўная кампанія холдынгу «Беларускія шпалеры», філіял Добруская папяровая фабрыка «Герой працы» — таксама прапануе накіроўваць на свой адрас заявы пра намер правесьці грамадзкую экалягічную экспэртызу прапанаванага палігону.
Жыхарка Ігаўкі Людміла апавядае, што за тры дні пад пэтыцыяй да вышэйшых уладаў супраць будаўніцтва палігону падпісаліся 416 вяскоўцаў. І людзі працягваюць ставіць свае подпісы:
«Усе надзвычай захваляваліся, што ў Высакапольле будуць звозіць шкодныя адкіды. Побач жылыя дамы, вакол засяваюць палеткі, за пагоркам вялікі сьвінакомплекс. Вось і абурыліся ўсе, таму й падпісваюцца. У нас ледзь не паўраёна адселена пасьля Чарнобылю, і зона тая недалёка ад Добруша. Чаго лезьці да нас з гэтымі адкідамі?»
Вяскоўкі наперабой называюць свае аргумэнты супраць разьмяшчэньня палігону паблізу сваіх паселішчаў.
«Ня трэба нам гэты палігон — у нас радыяцыі хапае. Навошта нам яшчэ адна брыдота? Тут жа ў нас дзіцячы садок, школа ня так далёка — нейкі кілямэтар напрасткі. Засталося ўсяго восемдзесят дзяцей — і тых хочуць атруціць», — катэгарычна заяўляе вяскоўка Ганна.
Спадарыня Тацяна жыве ў пасёлку Майскі, мэтраў за 350–400 ад меркаванага палігону:
Тут раніцай і без таго ледзьве прачынаесься — галава баліць і ў мяне, і ў дзяцей. Мужык інвалідам стаў, маці інвалід. Ад чаго, вы думаеце? Ад радыяцыі!
«Тут раніцай і без таго ледзьве прачынаесься — галава баліць і ў мяне, і ў дзяцей. Мужык інвалідам стаў, маці інвалід. Ад чаго, вы думаеце? Ад радыяцыі! У нас тут побач азярцо невялікае — дзеці купаюцца, рыбу летам ловяць. Усё вакол засяваем — кормімся зь зямлі. А тут нам — палігон. Няўжо мала адселеных вёсак? Няхай едуць туды, у адселеныя вёскі, і там усталёўваюць свае палігоны. Навошта ён нам тут пад бокам?»
Яшчэ адна вяскоўка, якая назвалася Сьвятланай, лічыць, што вяскоўцы і без таго наеліся радыяцыі. Здаровых людзей, па сутнасьці, няма — у кожнага ці не па сотні хваробаў:
«Нават дзеці з раніцы на ногі ледзьве ўстаюць — малыя, а косьці ўжо баляць. Дарэшты ўжо гэтымі палігонамі хочуць нас агаломшыць. Няма веры таму, што ўсё тут будзе добра і бясьпечна. Пішуць жа, што й нейкія вадкія адкіды будуць сюды звозіць».
За паўтары сотні крокаў ад апошняй хаты ў вёсачцы Высакапольле (тутэйшыя жыхары называюць яе пасёлкам Баец) пачынаецца меркаваны палігон для прамысловых адкідаў Добрускай папяровай фабрыкі «Герой працы» і яе новай кардоннай вытворчасьці. Паміж пагоркаў натуральным чынам тут утварылася лагчына гектараў на пяць ці шэсьць, пабраная кустоўем.
Вяскоўцы апавядаюць, што сюды звозілі раней розныя бытавыя адкіды з бліжэйшых паселішчаў, саўгасны трактар іх прыкопваў, каб вецер не разносіў па навакольлі. Гаспадарыла тут і папяровая фабрыка «Герой працы». Цяпер побытавае сьмецьце вазіць сюды забаранілі. Магутны экскаватар выкапаў тут дзьве глыбокія яміны, каб навечна пахаваць назапашаныя за многія гады невялікія горкі сьмецьця ды паперы, перамяшаных зь зямлёю.
У лагчыне шчыруюць геадэзісты, прысланыя з Гомеля — вызначаюць патрэбныя ўзроўні пад будучы палігон. Грамадзкія слуханьні яшчэ нібыта наперадзе, а падрыхтоўчая праца ўжо распачалася.
Наўкола да лагчыны ўшчыльную падступаюць пасевы азіміны. Мясцовыя жыхары кажуць, што ўраджай пойдзе калі не на хлеб, то на пракорм пагалоўя сьвінакомплексу, што за пагоркам. І пойдзе, як той казаў, кругаварот у прыродзе хімічных рэагентаў ад папяровай ды кардоннай вытворчасьці.
Гэты пляц пад прамысловыя адкіды каля Высакапольля фігуруе ў розных дакумэнтах яшчэ ад студзеня 2001 году.
У 2013 годзе ААТ «Кіроўная кампанія холдынгу «Беларускія шпалеры», філіял Добруская папяровая фабрыка «Герой працы», ужо заяўляла пра грамадзкае абмеркаваньне будаўніцтва палігону магутнасьцю 14,5 тысяч тон адкідаў. Аднак вынікі абмеркаваньня невядомыя. Праз год гэтая ж кампанія інфармавала абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, што будаўніцтва палігону ўжо вядзецца.
Цяпер, як бачым, зноў разьмешчана паведамленьне пра грамадзкія абмеркаваньні ўсё таго ж палігону. Аднак гэтым разам ужо не гаворыцца пра колькасьць адкідаў, якія маюць хаваць тут цягам году. Затое пашыраны пералік таго, што будзе спачываць пад бокам у вяскоўцаў — гэта сыры асадак з флякулянтам з адстойнікаў, асадак пасьля прамыўкі фільтраў, асадкі й сумесі палімэрных матэрыялаў, адпрацаваныя аліўныя фільтры, попел ад спальваньня хуткарастучай драўніны — усё 3-й клясы небясьпекі. Названа і яшчэ каля дзясятка розных рэчываў ды матэрыялаў, якія адносяцца да 3 і 4 клясы небясьпекі.
Жыхар вёскі Высакапольле Фёдар Дроганаў гэтак адклікаецца пра выбар участку пад палігон прамысловых адкідаў на невядома якіх падставах:
«Якія дурні прыдумалі тут гэты палігон?! Во лясок побач, палеткі — жыць толькі й цешыцца. Паглядзіце, колькі зямлі пустуе ад мяжы да вёскі Селішча. Там ніхто не арэ, ня сее — там глуш, усё зарастае. А яны лезуць туды, дзе людзі асвоілі ўсё, абжыліся, каб нечысьць разводзіць».