Каб павіншаваць сваіх наведнікаў з 23 лютага, Арт Сядзіба падрыхтавала цукеркі, на абгортках якіх герб «Пагоня» і надпіс «З днём сапраўдных мужчын!».
Да 8 сакавіка зьявіцца выпуск зь вершніцай на абгортцы. А на шэсьці 25 сакавіка можна будзе пачаставацца і мужчынскай, і жаночай вэрсіяй цукерак.
«Насамрэч гэта цукеркі „Алёнка“, выпушчаныя „Камунаркай“. Мы зрабілі дызайн абгорткі і ўручную перапакавалі цукеркі», — кажа дырэктар Арт Сядзібы Павал Белавус.
Паводле ягоных словаў, такім чынам супрацоўнікі Арт Сядзібы захацелі павіншаваць сваіх наведнікаў з 23 лютага.
«Сёньняшні дзень для кагосьці сьвята, для кагосьці — не. Для кагосьці гэтае сьвята тычыцца толькі тых, хто служыў у войску. Для іншых — гэта дзень Беларускай Краёвай Абароны. Мы вырашылі ўзяць цукеркі „Камунаркі“ і зрабіць для іх альтэрнатыўную абгортку. Насамрэч гэта „Алёнка“. Да 8 сакавіка мы зробім такія самыя цукеркі, але з выявай вершніцы — гэта будуць фэміністычныя цукеркі, якімі мы павіншуем дзяўчат. А на дзень Волі 25 сакавіка будзем частаваць і тымі, і тымі ўдзельнікаў шэсьця».
Павал Белавус сказаў, што рэакцыя ў сеціве на зьяўленьне цукерак з «Пагоняй» магла б натхніць фабрыку «Камунарка» на выпуск цукерак калі не з аналягічнай абгорткай, дык хаця б з нацыянальнымі ўзорамі:
Я ўпэўнены, што такія цукеркі зь беларускімі сымбалямі і ўзорамі будуць карыстацца попытам — і як сувэнір, і як пачастунак.
«Я ўпэўнены, што такія цукеркі зь беларускімі сымбалямі і ўзорамі будуць карыстацца попытам — і як сувэнір, і як пачастунак. Ужо цяпер у нас пытаюцца, што рабіць з абгорткай — выкідаць неяк ня хочацца. На гэта я кажу, што выкідаць ня трэба, можна проста захаваць ці зрабіць закладку для кнігі».
Пачаставацца цукеркамі з «Пагоняй» можна ў Арт Сядзібе.