Што Пілсудзкі, што Лукашэнка: ніякіх беларускіх школ

А. Чарнякевіч, «Нараджэньне беларускай Гародні. З гісторыі нацыянальнага руху 1909-1939 гадоў», Менск, выдавец А. Янушкевіч, 2015. Наклад 400 асобнікаў. Рэцэнзэнты: прафэсар Я. Мірановіч, доктар габілітаваны (Беластоцкі унівэрсытэт); кандыдат гістарычных навук А. Ляхоўскі (БДУ).

Прачытаў я кнігу «Нараджэньне беларускай Гародні» і стала мне сумна. Думаю, што й аўтару, гісторыку Андрэю Чарнякевічу не было весела, калі ён паставіў кропку. Праца зроблена грунтоўна. Зроблена ўпершыню.

Зьмест сьведчыць, што шанцаў у беларусаў Горадні людзьмі звацца не існавала. У чытача, прынамсі, застаецца ўражаньне, што ўсё было так-сяк на касяк. Аднак быць інакш не магло. БНР нікому не была патрэбная. Ніхто яе не хацеў. ЗША, Англія, Францыя не прызналі. Гэта разьвязала рукі Пілсудзкаму.

У «14 пунктах Вільсана», праекце мірнай дамовы пасьля заканчэньня І Сусьветнай вайны, амэрыканскім прэзыдэнтам было прапанавана, каб у створанай незалежнай польскай дзяржаве (пункт 13) былі тэрыторыі «зь неаспрэчна польскім насельніцтвам». Але ў рэчаіснасьці ўсё было зроблена інакш. Дарэчы, гісторык успамінае, што «14 пунктаў» абмяркоўвалі на «сходзе патрыётаў» у Горадні.

Паасобныя беларускія школкі Таварыства Беларускай Школы ў Горадні (пакуль яшчэ маглі трымацца) былі пад пастаянным прыглядам дэфэнзівы, паліцыі. Школьным інспэктарам быў пастаўлены нейкі Вазьнякоўскі, заданьнем якога было адхіляць усе заявы на адкрыцьцё школ, якія паступалі яму з навакольных вёсак. Ён сваю работу вельмі любіў. Адзін паэт потым пахваліў Вазьнякоўскага, што «школы сеяў у павеце». Так, але перш губіў пасевы. Хоць, зрэшты, любы на яго месцы рабіў бы апантана тое самае. Ніякіх беларускіх школ і саміх беларусаў новая ўлада мець не жадала. «Мясцовыя польскія эліты глядзелі на беларускую мову як на „зьнешнюю інтрыгу“», піша Чарнякевіч. І гэта — што датычыць мовы мясцовага насельніцтва!

Будынак на вул. Леніна, дзе разьмяшчалася беларуская школа і некаторыя нацыянальныя арганізацыі

Немцы, тыя былі ня супраць беларускіх школ. Але яны пабылі часова. Каб акупацыя патрывала болей, школьніцтва магло б пашырыцца. Але немцы эвакуаваліся. І тады навошта нейкія беларускія школы, калі цяпер тут польская дзяржава? Усе школы мусяць быць польскія, як да вайны былі расейскія. Што ж тут незразумелага? І ў такім вось становішчы ў Горадні да 1930-га не спыняліся высілкі, каб хоць якая беларуская школка была. Гэтыя людзі заслугоўваюць калі ня помнікаў, дык ва ўсякім разе памятных шыльдаў. Але ніводнай такой шыльды ў Горадні на будынках, дзе былі беларускія школы, няма. І ніколі ў плянах уладаў не прысутнічалі, нават думкі такой не ўзьнікала. А чаму? Ім гэта нецікава. І таму таксама, што ў горадзе над Нёманам сытуацыя ў 1995 годзе стала такой дакладна, як некалі пры польскай уладзе: беларускіх школ раптам ня стала. Былі пераведзеныя назад на расейскія. Баста! Ніякай больш так званай беларусізацыі ня будзе. Хто хоча сёньня навучаць дзіця па-беларуску, абавязаны прыніжацца, пісаць заявы, дамагацца свайго. І таксама сына ці дачку ставіць у складаную сытуацыю, часам на мяжы стрэсу. Інспэктар Вазьнякоўскі на могілках цешыцца.

Рэмарка з параўнаньнем забароны беларускага школьніцтва ў горадзе пры польскай уладзе і пры беларускай у мяне сама сабой узьнікла. Аўтар кнігі аб новых часах, зразумела, ня піша.

Але ўсё ж гэта ўражвае: сярод тысячаў чыноўнікаў ні ў воднага ня ўзьнікла думкі — раз у Горадні існуе дваццаць гадоў школа з польскай мовай навучаньня, але столькі дакладна часу не існуе беларускіх, то элемэнтарная лёгіка падказвае — нацыянальная таксама павінна быць! Але яе няма. І шанцаў ніякіх.

Турма ў Горадні

БНР было сказана «не». Але ў горадзе засталіся людзі, якія напярэдадні рабілі высілкі для стварэньня беларускай дзяржаўнасьці. Яны засталіся ля разьбітага карыта. Нямецкія і расейскія шыльды скінулі з фасадаў, замяніўшы на польскія. Што было рабіць беларускім патрыётам? Да іх ставіліся часта фанабэрліва, як да лузэраў. Яны тут былі лішнія, блыталіся пад нагамі. Спрабавалі дзейнічаць, бараніць свае правы, змагацца за беларушчыну. Калі паліцыя граміла гурткі Грамады па вёсках, пратэстаў не было, людзі баяліся ня столькі арышту, колькі катаваньняў, пісаў сьведка, Уладзімір Паддубік. Вельмі красамоўны нацыянальны склад вязьняў гарадзенскай турмы, вядомай жорсткімі ўмовамі, піша Андрэй Чарнякевіч. Ён прыводзіць лічбы: 323 беларусы, 176 палякаў, 80 габрэяў і 3 рускія. Трэцюю частку вязьняў складалі палітычныя.

Былога кіраўніка Грамады Браніслава Тарашкевіча ўтрымлівалі (1931-33) у адной з найгоршых адзіночак, піша гісторык. Яго лічылі надзвычай небясьпечным злачынцам, на шпацыр выводзілі асобна.

Вядомая пісьменьніца Зоф’я Налкоўская пакінула ўспамін аб маладым камэнданце гарадзенскай паліцыі Мацяеўскім, зь якім трапіла за адзін стол. Яму было 29, таўстун, «тоўсты твар»: «Тлушч пераліваецца, рухаецца і жыве ў сінім мундзіры. Шэраг чарак, смачная закуска». Ён пахваляецца пісьменьніцы, як асабіста мардуе арыштаваных. Біць забаронена, канечне, але што зробіш! Існуюць адмысловыя ўдары, напрыклад, «рабром далоні каля вуха». «Вязень павінен мяне сьмяротна баяцца, дрыжэць ад страху, калі я на яго гляджу», пахваляўся малады камэндант. І пры канцы Налкоўскай давялося паціснуць руку, якая зьбівае затрыманых: «Якой ён па-майстэрску б’е ў вуха. Так зацьвярджаецца дзяржаўнасьць і польскасьць на крэсах», пісала ў сваім дзёньніку вядомая польская пісьменьніца, якая жыла ў 1920-х у Горадні.

Вось такое жыцьцё. Спачатку дэфэнзіва, потым будзе НКВД. Але да НКВД яшчэ трэба было дажыць. А пакуль адзін солтыс, арыштаваўшы прадстаўніка беларускага камітэту, лямантуе, што «ён ня хоча знаць ніякіх беларусаў!» І куды ім тады падзецца? Куды? Калі ласка, напрыклад, у таварыства праваслаўных палякаў. Начальства такі варыянт прадумала.

Дэфэнзіва з паліцыяй знайшлі крэатыўны ход: беларускія дзеячы, нічога не дамогшыся, «схіліліся ў камуністычны бок». Адным словам: беларускі стаў азначаць у іх «камуністычны». Гісторык Чарнякевіч прыводзіць сьпіс камуністычнага падпольля ў горадзе, складзены камісарыятам паліцыі (1928). У ім больш за трыццаць чалавек. Гісторык учытваецца ў прозьвішчы: абсалютная большасьць габрэйскія. Трапляюцца толькі тры беларускія дзеячы — Мікалай Антанюк, Сяргей Баран, Дзьмітры Кулакоўскі.

Былы будынак польскага акруговага суду на вул. Савецкай

У Горадні на вуліцы Савецкай захаваўся трохпавярховы будынак, дзе быў польскі акруговы суд. Андрэй Чарнякевіч нагадвае, што там адбыліся вядомыя суды над беларусамі. 1925: «працэс сямідзесяці двух» і цягам таго самага году яшчэ тры масавыя суды. 1926: «працэс трыццаці двух». 1929: «працэс сямідзесяці пяці».

Так, многія дзеячы ня мелі ніякіх сымпатый да бальшавікоў, аднак у пэўны момант такія сымпатыі займелі. Антон Луцкевіч занатаваў у дзёньніку, піша Андрэй Чарнякевіч, што паведамленьне пра абвяшчэньне БССР так «наэлектрызавала» усіх гарадзенскіх беларусаў, што «яны як адзін былі гатовы ехаць у Менск». Што ж, такое жыцьцё: з савецкага боку была створаная, няхай абцятая, беларуская рэспубліка, з польскага —ніякай, нават мовы не магло быць.

А што да беларускіх актывістаў у Горадні, то трапляліся і кан’юнктурнікі, і прайдзісьветы таксама. Дзеячы розным былі народам. Ня кажучы ўжо, што дэфэнзіва падсылала правакатараў пад выглядам шчырых беларусаў. І такое было.