Карбалевіч: Ганна Шарэйка, былы чалец Савету Рэспублікі і гендырэктарка ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» абвінавачваецца ў тым, што давала незаконныя ўказаньні службовым асобам птушкафабрыкі, якія ўваходзілі ў конкурсную камісію, каб яны прымалі рашэньні аб закупах кармоў і кармавых дадаткаў у расейскай фірмы па завышаных цэнах. Гэта, нібыта, пацягнула прычыненьне шкоды на 4 мільярды рублёў. Праваахоўнікі зьвяртаюць увагу, што Ганна Шарэйка ў кароткія тэрміны змагла пабудаваць дарагі катэдж плошчай 240 кв.м, набыць элітную бытавую тэхніку і іншую маёмасьць.
Зьвяртае на сябе ўвагу, што паўтары гады яна і іншыя падзельнікі знаходзяцца за кратамі без суду, без судовага прысуду. З гледзішча прававой дзяржавы, гэта абсурд, нонсэнс. Гаворка ж не пра бандыта, забойцу ці рабаўніка. І так ставіцца сыстэма правасудзьдзя не да шараговага грамадзяніна, а да чалавека з статусам, чальца верхняй палаты парлямэнту.
Пакуль цяжка гаварыць пра зьмест справы. Але ўжо само абвінавачваньне выклікае пытаньне. Нібыта Шарэйка давалі ўказаньні аб закупах кармоў па завышаных цэнах. Адвакаты даводзяць, што якасьць прадукцыі у той фірмы была лепшая. Увогуле сытуацыя, калі праблема суадносінаў цаны-якасьці (пытаньне чыста эканамічнае ці нават тэхналягічнае) зьяўляецца не праблемай суб’екта гаспадараньня, а робіцца грунтам для судовага перасьледу, гаворыць вельмі шмат пра сутнасьць беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі.
Вышэйшыя чыноўнікі шмат разважаюць пра тое, што трэба разьдзяліць функцыі дзяржавы як уласьніка і як органа апэратыўнага кіраваньня дзяржпрадпрыемствамі і ацэньваць дзейнасьць дырэктараў толькі па адным паказьніку — эканамічнай эфэктыўнасьці. Нагадаю, што «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» — гэта адкрытае акцыянэрнае таварыства. І па выніках трох кварталаў 2014 году яно ўваходзіла ў першую дваццатку самых прыбытковых ААТ у краіне.
16 лютага на нарадзе Лукашэнка шмат крытыкаваў дырэктарат. Маўляў, кіраўнікі дзяржпрадпрыемстваў не праяўляюць ініцыятывы, баяцца. Маўляў, яны проста махляры, бо за ініцыятыву, нават памылкі ў нас нікога не караюць. І вось на такім тле гэты суд.
Што тычыцца катэджу — я нагадаю, што ў Драздах людзі таксама маюць вялікія катэджы. І прычым чыноўнікі, якія жывуць нібыта на адзін заробак. А Шарэйка — кіраўніца пасьпяховага камэрцыйнага прадпрыемства, і цалкам можна зразумець, што на свой заробак яна магла пабудаваць гэта.
Цыганкоў: У Беларусі безумоўна празьмерныя вага і ўплыў вайскова-сілавых структураў. У іншых краінах існуе па меншай меры раўнавага паміж палітыкамі, сілавікамі, бізнэсам, грамадзянскай супольнасьцю. Такі выпадак цяжка ўявіць у цывілізаванай краіне.
Таксама гэты выпадак паказвае задзяржаўленасьць эканомікі. Ва ўмовах рынкавай эканомікі невядома, ці была б наогул такая справа. Праблема зьяднанасьці палітыкі і эканомікі спараджае праблему карупцыі. Чыноўнікі маюць зашмат паўнамоцтваў. У Беларусі без чыноўнікаў немагчыма вырашыць ніводную праблему і увесь бізнэс да самага вышэйшага залежны ад чыноўнікаў. Фактычна ён складае з дзяржавай адну зьвязку.
Можна прыгадаць апошнюю ідэю ўладаў, калі асуджаныя чыноўнікі вызваляюцца з турмы і прызначаюцца кіраваць калгасамі. Гэта паказвае кадравы голад і непрэстыжнасьць гэтых пасадаў, а таксама наводзіць на думку пра тое, што гэта ўспрымаецца ўладамі як форма пакараньня.
Дракахруст: Я не зусім згодны з вамі, калегі. Гэтая фабрыка мела дзяржаўную долю. Гэта значыць, што гаворку пра шкоду дзяржаве весьці магчыма. Тэндэры — гэта ва ўсім сьвеце клясыка карупцыі. На іх якраз людзі і зарабляюць. Адвакаты кажуць, што рашэньні наконт іх былі абгрунтаваныя — а калі адвакаты кажуць іншае пра сваіх падабаронных? Таму казаць, што спадарыня Шарэйка — ахвяра праваахоўных органаў, я б адразу не стаў.
Прыходзіць да галавы сумнае параўнаньне Беларусі з Украінай. Ва Украіне людзі задаюць пытаньне: пасьля рэвалюцыі годнасьці хоць каго-небудзь пасадзілі, хоць на ўзроўні старшыні райвыканкаму? Нікога. Ну, частка людзей зьбегла, як Януковіч. А зараз ідзе гаворка, што квітнее карупцыя, а нікога не саджаюць. Нават кайданкі адзяваюць на пасяджэньні кабінэту міністраў, а потым высьвятляецца, што абвінавачваньне было не зусім дакладным. Гэта — адна крайнасьць, а беларуская сытуацыя — іншая крайнасьць.
Варта сказаць, што беларуская крайнасьць — гэта яшчэ адзін спэктакль, незалежна ад віны, сродак маніпуляцыя грамадзкай сьвядомасьцю. Людзі глядзяць, думаюць, вось чалавек у Савеце Рэспублікі сядзеў — і таго нават пасадзілі, значыць, ёсьць праўда. На гэта і разьлік. У дзяржаве, якую людзі лічаць справядлівай, яны здольныя цярпець больш і зацягваць пасы тужэй, чым у дзяржаве, якая на іх думку несправядлівая.
Цыганкоў: Але гэта не спэктакль для тых людзей, якія сядзяць, ад траціны да паловы беларускіх зьняволеных — людзі, асуджаныя паводле абвінавачваньняў у эканамічных злачынствах. Пры гэтым, як сьведчаць шматлікія публікацыі ў прэсе, многія з гэтых «злачынстваў» не былі б злачынствамі ў іншай краіне. Гэта вынік менавіта ўсеўладзьдзя сілавых органаў — тое, што эканамічнае злачынства трактуецца ў Беларусі вельмі шырока.
Карбалевіч: Гэтая сытуацыя паказвае таксама сапраўдны стан беларускай намэнклятуры.