Дракахруст: Сёньня ў Менску на Кастрычніцкай плошчы прайшоў мітынг прадпрымальнікаў і грамадзкіх актывістаў. Такі ж мітынг на тым жа месца прыйшоў роўна тыдзень таму. Сёньня, як і 15 лютага, Свабода вяла прамую трансьляцыю з плошчы. Ці можна казаць пра тэндэнцыю?
Паводле ацэнак журналістаў мінулым разам на плошчу прыйшло каля 800 чалавек, да тысячы. Сёньня — каля 200 чалавек. Пра рост колькасьці казаць не выпадае. Сёньняшні мітынг — першы пасьля таго, як Эўразьвяз скасаваў санкцыі, якія дзейнічалі адносна Беларусі.
Некаторыя меркавалі, што беларускія ўлады ўспрымуць гэта як карт блянш і будуць жорстка падаўляць любыя пратэсты. Варта сказаць, што калі мінулым разам маніфэстантаў наагул не чапалі, то зараз чапалі. Напярэдадні акцыі на кароткі час былі затрыманыя лідэр прадпрымальніцкага руху, арганізатар мітынгаў у Менску Аляксандар Макаеў і лідэр руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык.
Сёньня на плошчы міліцыя спрабавала затрымліваць удзельнікаў акцыі, але сутыкнуўшыся з адпорам, адступіла. На плошчу выпусьцілі сьнегаўборачныя машыны, якія перашкаджалі мітынгоўцам, потым на плошчу прыбылі супрацоўнікі камунальных службаў, якія даволі груба паводзілі сябе з удзельнікамі акцыі. Так што гэтым разам супрацьдзеяньне было, аднак разгону не было.
Зьвяртае на сябе ўвагу і радыкалізацыя лёзунгаў, якія гучалі на плошчы. Мінулым разам размова ішла пераважна пра адмену ўказу № 222, зараз гучалі патрабаваньні адстаўкі ўраду і выказваньне недаверу прэзыдэнту.
На мой погляд, можна канстатаваць, што гатоўнасьць да пратэстных дзеяньняў не ідуць на пад’ём. Мінулы мітынг не разганялі, на гэты прыйшло менш. Магчыма, справа ў тым, што частка прадпрымальнікаў спадзяецца на перамовы з урадам, якія вядзе Анатоль Шумчанка, нехта выйшаў на працу на свае страх і рызыку.
Я б параўнаў пратэсты ў Менску з пратэстамі, якія адбываліся мінулымі выходнымі ў Кіеве. Там групоўка «Радыкальныя правыя сілы» заняла гатэль у цэнтры Кіева, спрабавала ставіць намёты на Майдане. Лёзунгі — адстаўка ўраду, адстаўка прэзыдэнта. Паліцыя гэтым спробам супрацьдзейнічала, з маніфэстантамі вялі перамовы. Ва Ўкраіне таксама выказваліся думкі, ці не пралёг гэта трэцяга Майдану. Але большасьць назіральнікаў сыходзіцца на тым, што не, што ў грамадзтве не назапасілася столькі незадавальненьня, каб хапіла на Майдан.
Цыганкоў: Памятаеце, мы казалі, што ў другі раз наўрад ці прыйдзе столькі людзей, колькі прыйшло на першы мітынг. Тыдзень таму было каля тысячы людзей, зараз — некалькі соцень. Магчыма, тут будзе дарэчна прыгадаць фразу, якую прыпісваюць Пазьняку, які калісьці сказаў, што беларусы выйдуць на Плошчу толькі адзін раз. Прадпрымальнікі — група, якая не гатова сёньня на доўгачасовы масавы пратэст.
У перадачы «Інтэрвію тыдня» адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў казаў мне, што прадпрымальнікі, калі выходзілі на Плошчу, пераадольвалі свой страх. Для многіх зь іх гэта была першая ў жыцьці палітычная акцыя, больш таго — акцыя, недазволеная ўладамі. Гэта для іх было рашучым крокам, але людзі не гатовыя рабіць такі крок кожны тыдзень.
Плюс улады усё ж такі праяўляюць пэўныя прыкметы дыялёгу, ствараюць кансультацыйныя групы, прадстаўнікоў прадпрымальнікаў запрашаюць на перамовы ў высокія кабінэты. Натуральна, што большай частцы прадпрымальнікаў такая форма падаецца больш правільнай для вырашэньня праблемы.
Макаеў таксама казаў, што палітызаванае крыло прадпрымальнікаў даволі нешматлікае, і часам яго актыўнасьць нават перашкаджае, выклікае незадаволенасьць у іншых. На сёньня палітычныя лёзунгі пра адстаўку ўрада, якія гучалі падчас акцыі пратэсту, многія прадпрымальнікі лічаць шкоднымі. І радыкалізацыя пратэсту прыводзіць за зьмяншэньня колькасьці ўдзельнікаў. Мы бачым, што сёньня сярод гэтых некалькіх соцень была значная частка палітычных актывістаў — Павал Вінаградаў, Павал Севярынец, Анатоль Лябедзька, Ўладзімер Някляеў, Міколай Статкевіч — то бок гэта часткова ператварылася ў пратэст апазыцыі, а не ўласна прадпрымальнікаў. І калі нічога яскравага не адбудзецца ў працэсе перамоваў, які ідзе, то вулічная актыўнасьць і далей будзе мець тэндэнцыю да згасаньня.
Карбалевіч: Напярэдадні ў нядзелю ўсе тэлеканалы даводзілі: праблемы ІП вырашаныя, перамовы праходзяць пасьпяхова, ўлады ідуць на саступкі, прадпрымальнікі пагадзіліся з уладамі, пік напружаньня, канфлікту пройдзены, ІП вяртаюцца на рынкі. Сытуацыю камэнтавалі намесьніцы міністра эканомікі, міністра гандлю.
Перамовы не тычацца указу № 222. Гаворка ідзе толькі пра адтэрміноўку эканамічнай ліквідацыі ІП. На сёньняшнюю акцыю людзей прыйшло менш. Да адміністрацыі прэзыдэнта, да чаго заклікаў Статкевіч, прыйшло толькі некалькі чалавек ІП. Ідэю працягнуць сёньня акцыю падтрымалі ўсяго 20 чалавек, як пішуць мэдыя.
Падаецца, сапраўды пратэстны пік пройдзены, пратэст ідзе на спад. Улады памянялі тактыку. Міліцыя паводзілі сябе больш актыўна, кіраўніцтва міліцыі было на акцыі. Былі пушчаныя сьнегаўборачныя машыны. Людзі паштурхаліся з міліцыянтамі, што нават нязвыкла апошнім часам. Але падаецца, большасьць ІП зьмірыліся з лёсам.