У студзені 2016 году арганізацыі ўсіх формаў уласнасьці разам збудавалі 5400 новых кватэраў, увялі ў эксплюатацыю жытло сумарнай плошчай 473,6 тысячы кв.м, паведамляе прэс-служба Нацыянальнага статыстычнага камітэту. З гэтага ліку 25,8% збудавана зь дзяржпадтрымкай, 27,2% уведзена ў сельскіх населеных пунктах.
Лічбы гэтага студзеня на 25,6% меншыя за аб’ёмы будаўніцтва ў студзені 2015 году, заўважае БелаПАН.
Праз скарачэньне дзяржпадтрымкі і «часовыя эканамічныя цяжкасьці» дзяржаўная праграма будаўніцтва жытла ў 2016 годзе скароціцца на 700 тысяч кв.м — да 4 млн кв.м. У тым ліку на 63,1% скароціцца будаўніцтва жытла ў сельгасарганізацыях, на 47,5% — для шматдзетных сем’яў, на 67,8% — для адсяленьня грамадзянаў з аварыйных дамоў. Кампэнсаваць гэта, па словах міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Чорнага, павінна таннае камэрцыйнае жытло.