Літаратара Міхася Зарэцкага згадалі магілёўцы напісаўшы да Міжнароднага дня роднай мовы дыктоўку па ягоным творы «Кветка пажоўклая». Сёлета беларускую дыктоўку ў Магілёве пісалі дзявяты раз. Арганізавала яе гарадзкая суполка Таварыства беларускай мовы пры садзейнічаньні адміністрацыі Палацу культуры вобласьці.
Адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы і згадаць творчасьць рэпрэсаванага ў сталінскія часы пісьменьніка ў Палац культуры прыйшло больш за сто пяцьдзесят чалавек.
У Магілёве беларускую дыктоўку апошнія некалькі год прысьвячаюць мясцовым літаратарам, пра якіх грамадзкасьць ведае няшмат. 2016 год юбілейны для Міхася Зарэцкага (Касянкова). Сёлета яму 115 год, адзначае старшыня суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў.
Наш абавязак вяртаць зь небыцьця такіх літаратараў.
«Дзяцінства пісьменьніка прайшло на Магілёўшчыне пад Шкловам у вёсцы Зарэчча, таму ў яго і псэўданім Зарэцкі. Вучыўся ён у Магілёве — у мясцовай духоўнай праваслаўнай сэмінарыі. У ёй адвучылася немалая кагорта гісторыкаў, пісьменьнікаў, грамадзкіх дзеячаў. У трыццатых гадах мінулага стагодзьдзя Зарэцкі быў адзін з самых слынных і папулярных беларускіх пісьменьнікаў. Яго рэпрэсавалі і на доўгія гады забылі. Наш абавязак вяртаць зь небыцьця такіх літаратараў. Ён наш зямляк і хто, калі ня мы яго прыгадаем», — зазначыў Алег Дзьячкоў.
Сёлетняя дыктоўка стала самай масавай за ўсе гады яе напісаньня ў Магілёве. Вітаць удзельнікаў прыйшоў начальнік упраўленьня ідэалягічнай працы Магілёўскага аблвыканкаму Андрэй Кунцэвіч. Сам ён, аднак, дыктоўкі не пісаў, але ў сваёй вітальнай прамове адзначыў важную ролю нацыянальнай мовы для існаваньня народу.
«Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі» — гэты выраз клясыка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча яскрава сьведчыць пра вялізную значнасьць, якую адыгрывае мова ў жыцьці народу, — казаў Андрэй Кунцэвіч. — І не здарма выкарыстаньне ды пашырэньне роднай мовы — адна з найбольш важных задач у Год культуры, які абвешчаны сёлета ўказам прэзыдэнта нашай краіны».
Чыноўнік падзякаваў суполцы ТБМ і Палацу культуры вобласьці за арганізацыю дыктоўкі і тым, што прыйшоў на яе, каб адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы.
«Я ўпэўнены, што толькі разам праз кансалідацыю, і сумесныя намаганьні мы зможам паказаць усяму сьвету, што ёсьць такі народ беларусы», — гэткімі словамі скончыў прамову начальнік упраўленьня ідэалягічнай працы аблвыканкаму.
Урывак з твору Міхася Зарэцкага пад дыктоўку пісалі магілёўцы блізу гадзіны. Прыйшлі на яе людзі сталага веку і моладзь. Нямала было тых хто наведаўся на яе ўпершыню.
«Напісаньне дыктоўкі заклікае нас да патрыятызму і большай любові да радзімы, — патлумачыла сэнсу свайго ўдзелу ў напісаньні Агульнанацыянальнай дыктоўкі адна з маладых удзельніц. — Для мяне важна было больш даведваемся пра творчасьць Зарэцкага. А яшчэ я ніколі ня ўдзельнічала ў такіх незвычайных мерапрыемствах. Яно захапляе».
«Я жыву ў Беларусі і тым ганаруся. Трэба захоўваць беларускую мову — адрэагавала на пытаньне журналіста, ці змарнаваная гадзіна часу на дыктоўку, наступная суразмоўніца. — Я чытала аповед, па якім мы напісалі дыктоўку, але мяне больш уразіла, колькі людзей прыйшло пісаць дыктоўку. Гэта, безумоўна, натхняе і сапраўды, мова аб’ядноўвае».
Магілёўцы ня першы год пішуць тэкст пад дыктоўку настаўніцы беларускай мовы і літаратуры з абласнога ліцэю № 1 Ганны Бандарэнкі. Пэдагог адзначае, што для яе важна ўдзельнічаць у Агульнанацыянальных дыктоўках, бо на іх прыходзяць людзі неабыякавыя да лёсу беларускай мовы.
«Гэтыя людзі змаглі адарвацца ад сваіх будзённых спраў, а значыць у іх ёсьць інтарэс і ўнутраная патрэба далучыцца да беларускай мовы, — кажа Ганна Бандарэнка. — Гэта ж дужа важна для чалавека адчуваць хто ён такі».
Настаўніца лічыць: вельмі добра, што твор, па якім пісалі магілёўцы дыктоўку, уключаны ў школьную праграму. Аповесьць «Кветка пажоўклая», кажа яна, дужа важная для разуменьня чалавекам наколькі ён павінен быць са сваімі каранямі і сваёй сям’ёй.
«Адарваўшыся ад сваёй зямлі, ад свайго, а значыць і ад мовы і народу — ты ніхто», — заключае Ганна Бандарэнка.
Два гады таму шклоўская суполка Таварыства беларускай мовы прасіла мясцовых чыноўнікаў, каб яны ўхвалілі наданьне адной з вуліц у вёсцы Вялікае Зарэчча, якую далучылі да Шклова, імя Зарэцкага. Аднак просьбу ўвекавечыць памяць літаратара шклоўская ўлада выканаць не наважылася.