Пад сьлівовіцу калегі з усходнеэўрапейскай краіны распавядаюць чульлівую гісторыю з сучаснага літпрацэсу. Вядомы пісьменьнік прынёс у выдавецтва грошы і выдаў новы раман 3000-м накладам.
У прыліве натхненьня аўтар вырашыў падпісаць чытачам усе 3000 асобнікаў. Дырэктара выдавецтва прапанова чамусьці напружыла: «Маэстра, нам шкада Вашага каштоўнага часу...» Маэстра: «Гэта цудоўны творчы адпачынак». Дырэктар: «Апрача таго ня кожны хоча кнігу з аўтографам. Многія любяць чысты тытул». Маэстра: «У такім разе толькі расьпішуся побач са сваім імем». Дырэктар: «Добра, заўтра атрымаеце першыя 300 кніг».
Маэстра, праз тыдзень, заклапочана: «Пасьля першай партыі мне чамусьці нічога не вязуць». Дырэктар, урачыста і пераможна: «Гэта тэхнічна немагчыма. Увесь наклад у кнігарнях. Раман разьлятаецца, як гарачыя піражкі. Віншую, маэстра!»
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org