Андрэй Кабякоў на паседжаньні Саўміна няправільна працытаваў Ільфа і Пятрова

Андрэй Кабякоў

Прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў паспрабаваў працытаваць аднаго з герояў рамана «Дванаццаць крэслаў», але цалкам сказіў сэнс папулярнай фразы.

Зьвяртаючыся да пытаньня аб фінансавай падтрымцы прадпрыемстваў, якія апынуліся ў складанай эканамічнай сытуацыі, Кабякоў адзначыў, што неабходнай умовай такой падтрымкі зьяўляецца зьніжэньне выдаткаў, разгрузка складоў і «рэалізацыя мераў па фінансавым аздараўленьні».

«Пасьля гэтага магчымыя меры падтрымкі. Як гаворыцца ў творы вядомых клясыкаў, спачатку крэслы — потым грошы. Але па рэсурсы для латаньня дзірак, якія ўтварыліся з-за безгаспадарчасьці і няўменьня працаваць, прашу не зьвяртацца», — дадаў кіраўнік ураду, піша БелТА.

Кажучы пра «крэслы», Андрэй Кабякоў паспрабаваў працытаваць клясычны твор Ільфа і Пятрова «Дванаццаць крэслаў», аднак цалкам сказіў сэнс папулярнай фразы. Насамрэч сэнс заключаўся якраз у тым, што спачатку павінны быць выплачаныя грошы. «Раніцай — грошы, вечарам — крэслы або ўвечары — грошы, а на другі дзень раніцай — крэслы», — кажа ў «Дванаццаці крэслах» манцёр Мечнікаў Астапу Бэндару.

Падчас паседжаньня Савета міністраў Кабякоў таксама заявіў, што для разьвіцьця эканомікі неабходна «задзейнічаць унутраныя рэзэрвы» і «мабілізаваць кадры».