Усяго, паводле афіцыйных дадзеных, рэвалюцыйныя падзеі зімы 2013-2014 гадоў забралі жыцьці 105 актывістаў Майдану і 19 «сілавікоў». Па выніках расьсьледаваньняў многіх крымінальных спраў на працягу двух гадоў суды вынесьлі толькі два абвінаваўчыя акты. Па справе цяперашняга народнага дэпутата Міхаіла Гаўрылюка, зь якога зьдзекаваліся пры затрыманьні, пакаралі шасьцярых «сілавікоў» вызваленьнем ад пасад і умоўнымі тэрмінамі пазбаўленьня волі. Па другой справе, па якой праходзілі 30 так званых «цітушак», толькі адзін з іх атрымаў рэальны тэрмін зьняволеньня.
Яшчэ пяць справаў экс-«беркутаўцаў», якіх абвінавачваюць у расстрэле пратэстоўцаў два гады таму, цяпер разглядаюць у Сьвятошынскім судзе Кіева. Увогуле Генэральная пракуратура Ўкраіны расьсьледуе больш за дзьве тысячы эпізодаў, зьвязаных са злачынствамі на Эўрамайдане, пачынаючы ад лістападу 2013 году.
Начальнік ўпраўленьня спэцыяльных расьсьледаваньняў Генпракуратуры Ўкраіны Сяргей Гарбацюк у эфіры Радыё Свабода зазначыў, што пра падазрэньні па гэтых справах паведамлена 273 асобам. З іх 44 — чыноўнікі. Сярод іх першыя асобы міністэрстваў і ведамстваў і былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч.
«Калі браць менавіта расстрэлы 20 лютага, то ў нас пяць чалавек знаходзіцца за кратамі. Таксама знаходзяцца пад вартай два чалавекі адносна падзей у Марыінскім парку 18 лютага 2014. Адзін чалавек, былы кіраўнік упраўленьня СБУ па Кіеве і Кіеўскай вобласьці, гэта адносна штурму Майдану ў ноч з 18 на 19 лютага пад выглядам антытэрарыстычнай апэрацыі — ён арыштаваны. Расьсьледаваньне завершана. Цяпер падазраваны знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай вытворчасьці. І як толькі завершыцца азнаямленьне, справа будзе накіраваная ў суд», — сказаў Сяргей Гарбацюк.
Кіраўніку спэцроты «Беркут» Дзмітрый Садоўнік і яшчэ 18 экс- «беркутаўцаў» цяпер хаваюцца ад сьледзтва, распавёў начальнік дэпартамэнту абароны нацыянальнай дзяржаўнасьці Службы бясьпекі Ўкраіны Анатоль Дублік.
«Двое зь іх знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, адзін — у Беларусі, пяцёра знаходзяцца ў Крыме, сямёра — у так званых „ДНР“ і „ЛНР“, астатнія — у Расейскай Фэдэрацыі», — кажа ён.
Менавіта хованкі за мяжой — галоўная прычына, чаму супраць людзей, якім вылучылі падазрэньні па арганізацыі расстрэлаў, не адкрыты судовыя вытворчасьці, кажуць Сяргей Гарбацюк і адзін з адвакатаў «Нябеснай сотні» Павел Дыкань.
«Гэтыя два гады пайшлі на збор доказнай базы, на пошук вінаватых. На сёньняшні дзень у аб’яднанай справе амаль 260 тамоў дакумэнтаў, каля тэрабайту відэа, вельмі вялікая колькасьць экспэртыз і сьледчых дзеяньняў праведзена, таму падстаў не давяраць сьледзтву ў нас няма», — адзначыў у эфіры Радыё Свабода Павел Дыкань.
У той жа час падазрэньняў у расстрэле «сілавікоў» нікому не прад’яўлена, хоць адзін з актывістаў сьцьвярджае, што ён страляў у двух «беркутаўцаў» 20 лютага два гады таму.