Навумчык: Днямі Алесь Міхалевіч заявіў, што зьбіраецца ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах, якія відавочна адбудуцца ўвосень. Такім чынам ён далучыўся да ўжо вельмі вялікай групы актывістаў.
Нагадаю, што сама па сабе Палата Прадстаўнікоў зьяўляецца вынікам так званай «канстытуцыйнай рэформы» рэформы, праведзенай падчас «рэфэрэндуму» 1996 году, які не прызнала міжнародная супольнасьць, у многім дзякуючы заклікам беларускай апазыцыі. І вось цяпер — спроба патрапіць у «палатку», якую самі ж называлі нелегітымнай. А прычын удзелу тут некалькі — аб’ектыўных і суб’ектыўных.
Да аб’ектыўных я б аднёс тое, што ў апошнія гады, нават два дзесяцігодзьдзі, апазыцыя была выціснутая на маргінэс і ніякага ўплыву на прыняцьце рашэньняў на заканадаўчым узроўні, я нават не кажу пра выканаўчы, ня мела. Калі ў пачатку 90-х дзейнічала дэпутацкая група «Рэспубліка» са Скрабцом, Фраловым ды Парфяновічам, дык апошні час у Авальнай залі быў поўны штыль. Дык вось выглядае, што некаторыя партыі вырашылі выйсьці з ценю.
Да суб’ектыўных унутраных прычынаў я б аднёс імкненьне палітыкаў быць навідавоку хаця б у незалежных сродках масавай інфармацыі. Зь дзяржаўных яны даўно зьніклі, і выглядае, што ўлада выкарыстоўвае эфэктыўны мэтад не паказваць нейкіх апазыцыйных асобаў нават у адмоўным кантэксьце.Калі пра цябе не гавораць нават дрэнна — цябе не існуе зусім. І гэта дзейнічае. Напрыклад, я гаварыў з адным хлопцам 20 гадоў, называў яму прозьвішчы нашых апазыцыйных палітыкаў, ён проста іх ня чуў.
Прычына зьнешняя — гэта эўрапейскі фактар, ідзе фармаваньне адносінаў Захаду да Лукашэнкі, да таго, што мы называем рэжымам, і тут тытульная апазыцыя шукае сваю нішу, а магчыма, як кажуць некаторыя аналітыкі, проста выконвае рэкамэндацыю кшталту «паўдзельнічайце ў выбарах, улада дасьць вам 10-15 месцаў». Між іншым, а ці дасьць?
Глод: Ці набярэцца 10-15 месцаў? Набярэцца. У мяне ёсьць пэўнае адчуваньне, што яны спадзяюцца, што нарэшце гэтыя выбары больш-менш адбудуцца падобнымі на выбары. Сустрэча Ярмошынай з Лукашэнкам, стварэньне камісіі, якая будзе ўносіць зьмены ў выбарчае заканадаўства.
Калі я размаўляў з Лазавіком, сакратаром ЦВК, ён даў зразумець, што некаторыя папраўкі будуць зробленыя, але падобна, што яны будуць касмэтычнымі. Але некаторыя ўсё ж лічаць, што і гэтага будзе дастаткова. Вось Карняенка заяўляе, што па беларускім заканадаўстве цалкам магчыма правесьці такія выбары, як, напрыклад, у Швэцыі. Але толькі ў тым выпадку, калі будуць выконвацца ўсе «правілы гульні».
Вось і Міхалевіч паглядзеў на гэта і забыўся на тое, што ён заяўляў некалькі гадоў таму — што ніколі ня будзе займацца палітыкай, а толькі праваабарончай дзейнасьцю. Такім чынам сыгналы, якія ўлады пасылаюць Брусэлю, пашыраюць кола ўдзельнікаў у выбарах у Палату Прадстаўнікоў.
Карбалевіч: Так, у апазыцыйным асяродзьдзі даволі распаўсюджаная думка: навошта ўдзельнічаць у выбарах, якіх няма? Маўляў, трэба байкатаваць. Але тут можна задаць аналягічнае пытаньне: як можна байкатаваць тое, чаго няма? У беларускім выпадку дакладней было б гаварыць не пра байкот, а пра няўдзел.
Амэрыканскі палітоляг Мэцью Фрэнкель правёў адмысловае дасьледаваньне. Ён прааналізаваў больш за 100 кампаній байкоту ў розных краінах сьвету за 20 гадоў — з 1990 па 2010. І прыйшоў да высновы, што байкот эфэктыўны толькі тады, калі апазыцыя дастаткова ўплывовая і яе няўдзел у выбарах можа сарваць іх. У Беларусі ня тая сытуацыя, бо як можна сарваць выбары, у якіх галасы ня лічацца?
А на пытаньне, які сэнс удзельнічаць у выбарах, якіх няма, я даю такі адказ. Дзеля таго, каб паказаць грамадзтву, што апазыцыя існуе. Бо калі ты ня ўдзельнічаеш у выбарах, то цябе няма на палітычным экране. Абывацелі, а гэта большасьць насельніцтва, ня сочаць за сайтамі апазыцыйных партый. І яны даведваюцца пра існаваньне апазыцыі толькі тады, калі да іх прыйдуць прадстаўнікі апазыцыйнага кандыдата зьбіраць подпісы ці агітаваць.
Прэзыдэнцкія выбары, адносна пасьпяховая кампанія Тацяны Караткевіч, паказалі, што ў грамадзтве існуе попыт на альтэрнатыву. А эканамічны крызіс палітызуе грамадзтва і павялічвае такі попыт. Ці прапусьцяць улады ў Палату Прадстаўнікоў апазыцыю? Я сумняваюся. Навошта ўладам штучна ствараць для сябе праблему? Калі і прапусьцяць, то зусім не рэальных апазыцыянэраў, а людзей кшталту Гайдукевіча і Ўлаховіча, і аб’явяць іх апазыцыянэрамі, будуць паказваць іх Захаду — глядзіце, у нас у Палаце Прадстаўнікоў апазыцыянэры сядзяць! Яны ж апаніравалі Аляксандру Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах!