Часопіс Time апублікаваў рэйтынг 112 краінаў паводле коштаў пражываньня ў іх.
Беларусь у гэтым сьпісе апынулася на 50-м месцы, то бок, на думку экспэртаў часопісу, у 49 іншых краінах кошты пражываньня ніжэйшыя, чым у Беларусі.
Time параўнаў чатыры паказальнікі, зьвязаныя з коштамі жыцьця ў дадзенай краіне, з такімі ж паказальнікамі ў Нью-Ёрку. Найбольш таннай краінай для пражываньня аказалася Паўднёваафрыканская рэспубліка. За ёю знаходзяцца Індыя, Косава, Савудаўская Арабія, Казахстан, Замбія, Аман, Парагвай, Чэхія, Македонія, Босьнія і Герцагавіна, Польшча.
Для вызначэньня коштаў жыцьця былі ўзятыя пад увагу наступныя паказальнікі: індэкс мясцовай пакупніцкай здольнасьці (мерае адносную пакупніцкую здольнасьць сярэдняй зарплаты ў краіне); індэкс кватэрнай аплаты; індэкс цэнаў у прадуктовых крамах; індэкс спажывецкіх цэнаў (уключна з рэстаранамі, прадуктовымі крамамі, транспартам, жыльлёва-камунальнымі паслугамі).
Аказалася, што ў Беларусі пакупніцкая здольнасьць сярэдняй зарплаты ніжэйшая на 59,9% за тую ў Нью-Ёрку; кватэрная аплата ніжэйшая на 85,1%; прадуктовыя цэны ніжэйшыя на 67%; спажывецкія цэны ніжэйшыя на 59,5%.
Паводле гэтай мэтадалёгіі таньнейшымі для жыцьця краінамі чым Беларусь аказаліся таксама Ўкраіна, Эстонія, Гішпанія, Нямеччына, Вугоршчына, Расея, Партугалія, Латвія, Харватыя, Літва.