Генэральны дырэктар Apple Тым Кук выступіў з адкрытым лістом супраць рашэньня суду, паводле якога кампанія павінна была стварыць для праваахоўнікаў «дзіру» ў абароне пэрсанальных зьвестак на сваёй тэхніцы дзеля расьсьледаваньня тэракту ў Сан-Бэрнардына.
ФБР мае права патрабаваць ад IT-кампаніяў раскрыцьця дадзеных меркаваных злачынцаў. Але сучасныя смартфоны маюць такі мэханізм шыфраваньня, што нават іх стваральнікі не заўсёды могуць атрымаць доступ да ўсіх зьвестак. Гэтак адбылося і з iPhone 5c стралка з Сан-Бэрнардына: кампанія магла б атрымаць доступ да зьвестак, сынхранізаваных з анлайн-сховішчам iCloud, але ня можа здабыць інфармацыю з самога смартфона, заблякаванага пін-кодам. ФБР жа ня можа ўзламаць пін-код, бо iPhone абмяжоўвае колькасьць памылковых спробаў увесьці яго.
Кук заяўляе, што патрабаваньне ФБР і суду, хоць тычыцца расьсьледаваньня тэракту, можа быць скарыстанае і ў іншых выпадках, то бок пагражаць прыватнасьці любога чалавека:
Урад ЗША просіць у нас нешта, чаго ў нас няма і што ствараць мы лічым занадта небясьпечным.
«Мы вельмі паважаем прафэсіяналаў у ФБР і верым, што ў іх добрыя матывы. Да гэтага часу мы рабілі ўсё, што ў нашых сілах і паўнамоцтвах, каб дапамагчы ім. Але цяпер урад ЗША просіць у нас нешта, чаго ў нас няма і што ствараць мы лічым занадта небясьпечным. Яны просяць нас зрабіць бэкдор [„чорны ход“, празь які хакер можа абысьці абарону зьвестак бязь ведама карыстальніка. — РС] да iPhone.
Калі быць дакладным, ФБР хоча, каб мы зрабілі новую вэрсію апэрацыйнай сыстэмы для iPhone, якая абмінае некаторыя важныя праверкі бясьпекі, і ўсталявалі яе на паддосьледны смартфон. У чужых руках гэтае праграмнае забесьпячэньне, якое яшчэ не існуе, зможа разблякаваць любы iPhone, да якога ёсьць фізычны доступ.
ФБР можа называць гэты інструмэнт па-іншаму, але ня ўводзьце сябе ў зман: вэрсія iOS, якая такім спосабам абмінае сыстэму бясьпекі, — гэта абавязкова бэкдор. І хоць урад можа заяўляць, што яе выкарыстаньне будзе абмежаванае канкрэтным расьсьледаваньнем, гэтага ніяк нельга гарантаваць».
У лісьце Кук прадказвае наступствы выкананьня патрабаваньняў ФБР: улады атрымаюць доступ да любых прыладаў Apple, змогуць пашырыць бэкдор і патрабаваць ужо стварыць «дзіры» для перахопу паведамленьняў, зьвестак пра месцазнаходжаньне, фінансы і здароўе карыстальніка, а таксама камэраў і мікрафонаў прыладаў безь яго ведама.
Зварот Кука падтрымалі іншыя кіраўнікі буйных IT-кампаніяў. Гендырэктар Google Сундар Пічай у сваім твітэры сказаў, што ліст Кука важны, бо, прымусіўшы кампаніі даць дабро на ўзлом, улады парушаць прыватнасьць усіх карыстальнікаў:
Мы робім абароненыя ад узлому прадукты, каб ваша інфармацыя была ў бясьпецы, і выдаём праваахоўнікам зьвесткі па законных запытах.
«Мы ведаем, што праваахоўнікі і выведка сустракаюцца зь цяжкасьцямі ў абароне грамадзтва ад злачынцаў і тэрарызму. Мы робім абароненыя ад узлому прадукты, каб ваша інфармацыя была ў бясьпецы, і выдаём праваахоўнікам зьвесткі па законных запытах. Але гэта зусім ня тое, што патрабаваньне кампаніяў дазволіць хакерства прыладаў і зьвестак карыстальнікаў. Гэта можа быць праблемным інцыдэнтам. Спадзяюся на ўдумлівую і адкрытую дыскусію па такім важным выпадку».
Таксама Кука падтрымаў і гендырэктар мэсэнджэра WhatsApp Ян Кум:
«Я заўсёды захапляўся Тымам Кукам за яго пазыцыі ў справе прыватнасьці і за намаганьні Apple па абароне зьвестак карыстальнікаў і не магу не пагадзіцца з усім напісаным у іх сёньняшнім лісьце. Мы не павінны дапусьціць гэты небясьпечны прэцэдэнт. Сёньня наша вольнасьць і свабода пад пагрозай».