Ён быў, па сутнасьці, першым беларускім пісьменьнікам, які зь бязьлітаснай іроніяй і нават самаіроніяй паказаў нам той час, у якім жыў. У яго мы ня знойдзем ніякай сьлязьлівай замілаванасьці, лубочнасьці, стылізатарства. Жорсткі сарказм і дакумэнтальная праўдзівасьць — вось што пануе ў ягонай прозе, крытыцы, драматургіі. Нездарма ў сваіх творах ён так любіў выкарыстоўваць менавіта «дакумэнтальнасьць»: лісты, дзёньнікі, запісы.
Яго любоў да ляканічнай формы, да выяўленьня нэрвовай дваістасьці герояў была блізкая Міхасю Стральцову; раман «На імпэрыялістычнай вайне», «Літоўскі хутарок» паўплывалі на Васіля Быкава; Уладзімер Караткевіч натхняўся ягонымі гістарычнымі працамі.
18 лютага спаўняецца 123 гады з дня яго нараджэньня.
Герой нашых 20 нечаканых фактаў — Максім Гарэцкі.
1) Усё жыцьцё змагаўся супраць «праяў халерычнасьці» ў сваім характары
Па ўспамінах яго брата Гаўрылы Гарэцкага: «...часам пачынаў [Максім — В. Дэ Эм] вырабляцца, дражніцца з малымі, крыху злосна жартаваць (...) па характары Максім пайшоў у бацьку. (...) бацькаў і матчын пачаткі змагаліся ў істоце Максіма ўсё жыцьцё»; у аўтабіяграфічным творы «На імпэрыялістычнай вайне» знаходзім: «...Буян раптам падхапіўся з належанага месца, заківаў хвастом і з буйнаю ласкаю скакнуў на грудзі. „А, цьцябе ваўкі!“, — з усяго маху даў яму высьпяткам пад бруха. Бедны сабака заекатаў каротка і сьціх. Гледзячы на яго, зрабілася сорамна, але не хацеў паддавацца. „А, цьцябе ваўкі... Усьцешыўся!“. Зь сенцаў паказалася маці: „Ча ты ўсё на сьцюжы калееш? А ішоў бы ў хату пагрэўся“. „А што табе? Прыйду...“ І здалося, што і яна паглядзела такімі ж скрыўджанымі вачмі, як Буян».
2) Пад акампанэмэнт скрыпкі і жалейкі палохаў сваіх братоў і сястру хорар-гісторыямі
Паводле Гаўрылы Гарэцкага: «Максім натхнёна граў сваім меншым на скрыпцы і дудках-жалейках ды апавядаў найцікавейшыя гісторыі-імправізацыі, часам такія страшныя, жудасныя, што малыя (асабліва Ганначка) аж крычалі і хапаліся за апавядальніка». Любоў да брутальна-жорсткіх гісторыяў захавалася ў пісьменьніка і надалей. Дастаткова ўспомніць драматычны абразок «Антон», у якім звар’яцелы бацька забівае сякерай сына.
3) Самым трагічным момантам у сваім жыцьці лічыў гібель сястры Ганны
У заяве Гаўрылы Гарэцкага, адрасаванай работнікам ОГПУ, ад 17 верасьня 1922 году (падчас яго першага арышту) чытаем: «15 сентября моя родная сестра Анна (...) везла мне первую „передачу“; она попала под трамвай — отрезало ногу (с раздроблением ступни), помяло таз, позвоночник и желудок: положение почти безнадежное». 19-га верасьня ў страшных пакутах яна памерла. Максім Гарэцкі прысьвяціў ёй «Хрэстаматыю беларускае літаратуры. XI век — 1905 год», Уладзімер Дубоўка — зборнік вершаў «Строма».
4) Быў выратаваны ад сьмерці Францішкам Аляхновічам
У далейшым, калі Аляхновіч трапіў у канцы 1926 году «ў кіпцюры ГПУ», Гарэцкі стараўся вызваліць свайго сябра. У прашэньні да Цэнтральнага выканаўчага камітэту БССР за 19 ліпеня 1927 году Гарэцкі пісаў: «У 1919 годзе, калі легіёны Пілсудскага раптоўна напалі на Вільню, ён з рызыкай і небясьпекай дзеля сябе самога ратаваў жыцьцё мне, т. Пятрову, супрацоўніку «Зьвезды», і т. Іофэ — сакратарцы «Зьвезды»; у лісьце, адрасаваным КПЗБ, ад 10 лістапада 1927 году піша: «...он даже без особенно настойчивой просьбы с моей стороны, с безусловно большим риском для себя, без преувеличений — под пулями, тащил корзинку и вел за собою т. Юлию Иофе, которая была тогда секретарем „Звезды“, ее мужа Петрова, и я шел с ними, тащил нас из гостиницы „Бристоль“ на Георгиевском пр., к себе на квартиру на Мостовой улице».
5) Крытычна ставіўся да стварэньня БНР
У канцы сакавіка 1918 г. пісаў для газэты «Известия»: «Содержанием Уставной грамоты являются провозглашение Белорусской Республики, декларация гражданских свобод и постановление о созыве Белорусского учредительного собрания. Как будто не под каблуком Вильгельма, а в свободной стране чудес. Чисто сделано».
6) Лічыў, што царква павінна жыць без апекі дзяржавы
У артыкуле «Или вас нет?» («Известия» ад 20 лютага 1918 г.) чытаем: «К вам, истинные служители Христа, обращаюсь. (...) Пожалейте же народ! А они [сьвятары. — В. Дэ Эм] пусть не сеют, не жнут, не заботятся, что им пить или что есть. Прихожане верующие пропитают их. Конечно, если они того заслужат. Пусть церковь православная докажет свою мощь, прожив без опеки республики».
7) Плаціў прастытуткам не за любоўныя ўцехі, а за цікавыя апавяданьні
«Падышла да мяне прастытутка. Села (...). З постаці зусім здаровая сялянка, што пабыла троху ў горадзе. Скуластая, моцная. Яна хацела спакусіць мяне (...). Ня ведала, што цікавая гісторыя мне прыямней за яе жаночую ласку. Я сказаў: «Мне гэта не ў галаве (...) А дам вам 50 к., і вы мне раскажаце сваю гісторыю. Яна не зьдзівілася майму жаданьню. Ізрекла: „Так мала? Мая гісторыя цікавая. За рубля скажу“. „Добра“. (...) Яна без работы браць не хацела. Вельмі запрашала».
8) Лічыў, што адраджэнцам трэба падстройвацца пад народныя патрэбы
«Мы ня можам не лічыцца з жыцьцёвымі патрэбамі народа нават і тады, калі гэтыя патрэбы, на наш погляд, — хворыя, ненармальныя і шкодзяць адраджэньню беларусаў. (...) каб не адарвацца ад народа, а, наадварот, выкарыстаць усё, што дае самая блізкая еднасьць зь ім, прыходзіцца (...) ісьці яму насустрэчу, паступаючыся да часу ня так ужо важнымі для слаўнага канца сваімі палажэньнямі. (...) Жывеш ты сярод беларусаў, каторыя гавораць ня „ёсьць“, а „есь“, не дзіві, ужывай і ты гэта „есь“, каб не адпужнуць ад сябе нерухомага беларуса, тым часам кіруйся, каб сынок гэтага беларуса чытаў добра беларускую кніжку...»
9) На яго былі пакрыўджаныя Янка Купала і Цішка Гартны
Паводле Радзіма Гарэцкага: «...яму, відаць, не змаглі дараваць тую незадачлівую сустрэчу групы пісьменьнікаў на чале з Ц. Гартным і Я. Купалам, якая мелася адбыцца ў Горках. Аўдыторыя больш за 1000 чалавек (там зь імі быў і Максім Гарэцкі) доўга іх чакала, а яны так і не прыйшлі, пакрыўдзіўшыся на тое, што на вакзале (станцыя Пагодзіна) іх сустрэў ня сам Гарэцкі, а прыслаў толькі Юрку Гаўрука».
10) Быў вельмі строгім літаратурным крытыкам
Пра «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы: «... гэта мешаніна рэалізму з сымвалізмам (...) Да заган драмы (...) трэба залічыць доўгія маналёгі, непатрэбны ў іных выпадках лішак багацьця на словы...»; пра Якуба Коласа: «...піша дужа многа. (...) піша проста недазволена многа для паэта»; пра апавяданьні Цішкі Гартнага: «... іхняя расьцягненасьць, цяжкі стыль, няправільныя беларускія звароты мовы і агульная панурасьць тону — робяць свайму чытаньніку немалую пакуту»; пра паэзію Зьмітрака Бядулі: «Што да рэвалюцыйных вершаў Бядулі (...) лепей бы пісаў Бядуля толькі апавяданьні і аповесьці»; пра Міхася Зарэцкага: «Міхась Зарэцкі паганяе за таннымі эфэктамі, упадае ў мяшчанства, яго героі падобныя да пэрсанажаў крымінальных раманаў невысокай мастацкай якасьці». У той жа час быў вялікім прыхільнікам творчасьці Ўладзімера Дубоўкі і Францішка Аляхновіча. З паэтак нязьменна прапагандаваў Натальлю Арсеньневу (неаднаразова друкаваў яе вершы ў сваёй газэце «Беларускія ведамасьці», заказваў Уладзімеру Жылку рэцэнзію на яе творы).
11) Лічыў, што Заходняя Беларусь можа стаць самастойнай дзяржавай
У сваёй газэце «Беларускія ведамасьці» (№ 15, 1921 г.) пісаў: «Ліга Нацый павінна будзе прызнаць ці ня прызнаць граніцу па Рыскаму дагавору ці прызнаць яе з пэўнымі папраўкамі і гарантыямі для ня польскіх жыхароў Заходняе Беларусі і Ўкраіны. Заходняя Беларусь можа тады ўтварыць асобную дзяржаўную частку, болей-меней незалежную і самастойную, толькі так ці гэтак зьвязаную з Польшчай, а можа быць яшчэ і з Літвою. Не зракаючыся ідэалу Незалежнай і Непадзельнай Беларусі, мы павінны рыхтавацца і быць заўсёды найлепей падгатаванымі да ўсякіх тактычных магчымасьцей».
12) Не любіў, калі ў п’есах беларускіх драматургаў героі гавораць на розных мовах
«...Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч пісаў свае творы ня столькі дзеля шырокіх беларускіх мас, якія ня ўмелі па-польску і па-расійску, колькі дзеля паноў (...) Тут быў практычны падыход (...) каб эвалюцыйна прыручыць паноў да тэатра ў беларускай мове. (...) У імя гэтага згодніцтва Марцінкевіч зграшыў і супроць лепшых поглядаў на беларускую літаратуру, і супроць тэатра як тэатра дзеля беларускіх мас. (...) Наш паважаны Е. Міровіч таксама гаворыць у „Кастусі Каліноўскім“ на розных мовах, каб даць пэўныя літаратурна-гістарычныя і сцэнічныя эфэкты (...) можна пачуць жальбу, асабліва ад правінцыялаў з Усходняй Беларусі, на лішак польскай мовы ў „Кастусі Каліноўскім“, як з часам мы можам пачуць падобную жальбу на расійскую мову ад правінцыялаў з Заходняй Беларусі. (...) з часам прыйдзецца ўвесь тэкст у ёй пераказаць па-беларуску».
13) Крытычна ставіўся да хору Тэраўскага
У газэце «Зьвезда» (4 лютага 1919 г.) пісаў: «[Тэраўскі — В. Дэ Эм] в ущерб прекраснейшим народным белорусским песням и наряду с дивным исполнением „Интернационала“ начинает преподносить (...) сомнительного качества и пользы балаганные песенки бесконечных дебютанток. Неуважением к месту и публике отзывается также мимика дурного тона. Безусловно, прекрасный хор (...) страдает от исполнения разного рода „белоснежных ландышей“, раскамаринских, гришух, машух и тому подобной чепухи».
14) Любіў і адначасова ненавідзеў беларускую вёску
З артыкула «Деревня» (газэта «Известия», 13 лістапада 1918 г.): «Я ее люблю, но странною любовью, которая скорей определяется поговоркой: скучно врозь и тесно вместе. С болезненной чувствительностью не выношу, когда ее поносят и хулят за кулачество и укоряют в темноте и невежестве. Но в глубине души своей, когда с безотрадной определенностью витают в воспоминаниях ее темные образы, сам беспощадно поношу и укоряю, слагая в наболевшем сердце. Люблю и ненавижу вместе».
15) Галоўнай бядой беларусаў лічыў іх гультайства і нядбальства
«...нашая родная культура не была б у такім упадку... каб там было нашых болей рухавых, сьвядомых працаўнікоў (...) Няма што чакаць невядома чаго, трэба лічыцца з тым, што ёсьць. (...) ці не пара была-б як мае быць завінуцца ля работы? Ці не пара была-б весьці работу з плянам, абдумана і арганізована? Адным словам, бярыцеся, беларусы, усёю грамадаю за работу. Годзе толькі наракаць на ворагаў, — агляніцеся на сваё нядбальства».
16) Яго беспасьпяхова вэрбавалі ў польскія шпіёны
З допыту ў НКВД (6 лістапада 1937 г.): «...вспомнил случай, это было летом 1924 или 1925 г., будучи в Минске, днем в мою квартиру пришел незнакомый мне человек в военной форме и сообщил мне: я вас знаю как белорусского писателя, работавшего в Виленской гимназии (...) Я сотрудник ОГПУ, работающий в Западной Белоруссии (...), хочу, чтобы вы меня познакомили с видными белорусскими писателями и партийными работниками. Фамилия этого человека Кузьма, звать не помню как, но я смотрел его документы (...) Я в этом человеке заподозрил провокатора и пригласил его к знакомому мне сотруднику ОГПУ по фамилии, кажется, Рощенко, который позвонил в ОГПУ, и после этого Кузьма был арестован (...) Впоследствии я читал в газетах, что Кузьма оказался шпионом-диверсантом польской разведки».
17) Яго сын Леанід загінуў у дзень нараджэньня свайго бацькі
Леанід Гарэцкі загінуў 18 лютага 1944 г.: «...в бою под дер. Костково на восточном берегу реки Шелонь (...) Похоронен на том же берегу в братской могиле». У лістах з фронту Леанід неаднаразова згадваў пра свайго тату: «...И я не пойму, почему же судьба нанесла отцу смертельный удар. За что она отомстила человеку, справедливей, честней которого я не видел. Человеку с открытой и прямой душой, лишенной всяких мелких чувств и заполненной большими чувствами любви и заботы к своей Родине и народу. Может быть, за то, что много правды и ласки говорил он, забыв, что души черствы...»; «Больно было только от того, что нет отца. Но боль эта была глубоко... как хотел бы я невозможно — повторить эти деньки вместе с отцом (...) сырое утро, был дождь, но так приятно, когда, к моему удивлению, тата кладет коробку мармелада на стол, есть печенье, вещи еще редкие (...) Дома ласковый тата играет на балалайке замечательные мелодии».
18) Пасьля арышту ў 1930 годзе прапаноўваў жонцы забыць яго
Зь лістоў да Леанілы Гарэцкай: «Наогул, я прашу цябе глядзець на нашы адносіны так, што я цябе абсалютна нічым і ні ў чым ня зьвязваю. Ніякага незадавальненьня з майго боку ня будзе»; «Я „выйшаў у тыраж“, а табе таксама не пад сілу цяжкі воз матэрыяльных клопатаў ды яшчэ ў цяжкім маральным стане (...) будзь шчыра са мною (...) Хто за табой ухажвае? Можаш пагуляць»; «Няхай пра яго [Максіма Гарэцкага — В. Дэ Эм] ня думаюць, няхай пра яго не клапоцяцца. Каб ня быў ён ім зубам, што ные і ные... трэба менш пра яго думаць. Трэба ісьці сваім шляхам». Сям’я засталася зь ім да канца.
19) Называў сваю жонку сьвятой
Яго дачка Галіна Гарэцкая ўспамінала: «...убачыла яго на кухні, ля акна. Стаяў, глядзеў засяроджана на вуліцу і мяне падазваў. Па другой старане вуліцы ішла мама. «Запомні, — сказаў, — яна сьвятая!» — і паўтарыў: «Сьвятая!».
20) Быў нязломны ў сваіх перакананьнях
Паводле Радзіма Гарэцкага, прынцыпам нацыянальнага адраджэньня «...ён застаўся верным да канца дзён сваіх. Гэта адзначалі нават супрацоўнікі НКВД. У характарыстыцы пасьля заканчэньня ссылкі ў Вятцы яны запісалі: «За время отбывания ссылки, срок которой кончается 18.07.35 г. Горецкий М.И. вел себя в разговорах чрезвычайно осторожно и сдержанно, однако от своих убеждений „национал-демократа“ не отказался»; Алесь Адамовіч пісаў у лісьце да Леанілы і Галіны Гарэцкіх (17 сьнежня 1975 г.): «Зайздросны лёс не таго, хто як „вяпрук на саломе век пракачаўся“ (кажучы словамі Кузьмы Чорнага), а хто змог чалавекам застацца да канца. Ня ўсім удалося. І нават вельмі ня многім, калі дрэнна прыйшлося. А на Гарэцкім і вока, і душа, і сэрца адпачывае: усё ж такі можна!»