Ужо сёньня, 18 лютага: БХК прэзэнтуе вынікі маніторынгу працы менскай міліцыі, 630 шлюбу Ягайлы зь Ядвігай, 70 гадоў Надзеі Артымовіч

Надзея Артымовіч

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларус, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. Беларускі Хэльсынскі камітэт праводзіць прэзэнтацыю вынікаў назіраньня за якасьцю сэрвісу ў 24 аддзяленьнях міліцыі Менску і вобласьці. Месца правядзеньня — Канфэрэнц-заля гатэлю «Манастырскі» (вул. Кірыла і Мятода, 6). Пачатак у 10:20.

Менск. Адкрыцьцё мультымэдыйнай выставы «Мікелянджэлё. Стварэньне сьвету», у рамках якой знакамітыя фрэскі Сыкстынскай капэлы — росьпіс столі і «Страшны суд» — упершыню ажывуць на гіганцкіх экранах. Акрамя таго на выставе будзе прадстаўлены агляд работ іншых тытанаў Адраджэньня — Леанарда да Вінчы, Рафаэля, Джота, Батычэлі і Тыцыяна. Месца правядзеньня — Выставачная прастора «ЦЭХ», (вул. Кастрычніцкая, 16). Пачатак аб 11:00.

Менск. Прэзэнтацыя фотаальбома Анатоля Клешчука «Карагод беларускіх абрадаў». Кніга выйшла ў выдавецтве «Беларусь» у канцы 2015 года і прызнана лепшым фотаальбомам ў намінацыі «Фотапогляд» ў рамках конкурсу «Мастацтва кнігі» на XXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. Месца правядзеньня — Інстытут культуры Беларусі (вул. Каліноўскага, 12). Пачатак а 16:00.

Менск. Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі арганізуе сустрэчу з вучнямі адной зь менскіх школ і запрашае ўсіх жадаючых на культурна-пазнавальнае мерапрыемства «Дык хто сьмяецца апошнім?!», прысьвечанае 120-годзьдзю з дня нараджэньня Кандрата Крапівы.
Месца правядзеньня — Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15). Пачатак а 13:15.


У гісторыі:

1386 — вялікі князь літоўскі Ягайла ажаніўся зь Ядвігай, спадкаёміцай польскага каралеўскага трону.

1537 — У Маскве падпісаная мірная дамова, якая скончыла вайну Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім княствам Літоўскім.

1952 — Грэцыя і Турэччына ўступілі ў НАТО.

2014 — Украінскія сілавікі пачалі штурм Майдану, абвясьціўшы контратэрарыстычную апэрацыю.

У гэты дзень нарадзіліся:

1893 — Максім Гарэцкі, беларускі пісьменьнік і навуковец.

1922 — Міхаіл Савіцкі, народны мастак Беларусі, жывапісец, пэдагог.

1946 — Надзея Артымовіч, беларуская паэтка зь Беласточчыны.

1954 — Джон Траволта, амэрыканскі актор, рэжысэр.

У гэты дзень памерлі:

1546 — Марцін Лютэр, нямецкі рэфарматар царквы.

1564 — Мікелянджэлё Буанароці, італьянскі скульптар, жывапісец, архітэктар, паэт, прадстаўнік мастацтва эпохі Адраджэньня.

1967 — Роберт Опэнгеймэр, амэрыканскі фізык, кіраўнік амэрыканскага атамнага праекту

1979 — Юрка Гаўрук, беларускі перакладчык, крытык, паэт і рэжысэр.

1995 — Заір Азгур, беларускі скульптар, народны мастак Беларусі.

Цытата:

толькі ў Бельску
можна піць гарбату
сказаў малады паэт Эдзік Мазько

толькі ў Бельску
у маўчаньні чытаюцца вершы
сказала васільковая Данута Бічэль

і ты пабачыш
у кожнай птушкі
твой твар
сказаў Алесь Разанаў

Надзея Артымовіч, «Беларускія паэты ў Бельску»