Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў звароце да суайчыньнікаў 16 лютага для аднаўленьня даверу да ўлады заклікаў падаць у адстаўку прэм’ер-міністра Арсенія Яцанюка і генпракурора Віктара Шокіна. Апошняга абвінавачваюць у Радзе ў кумаўстве, тармажэньні расьсьледаваньняў злачынстваў супраць актывістаў Майдана, абароне карумпаваных пракурораў і чыноўнікаў.
Шокін амаль адразу пасьля звароту кіраўніка дзяржавы напісаў заяву аб звальненьні з пасады генпракурора, а Арсень Яцанюк, выступаючы вечарам у Вярхоўнай Радзе са справаздачай работы ўраду за мінулы год, ніяк не адрэагаваў на словы прэзыдэнта, які таксама заявіў, што «зараз ужо, відавочна, запыт не на частковае абнаўленьне, а на поўную перазагрузку ўраду».
Паводле дадзеных нядаўняга апытаньня сацыялягічнай групы «Рэйтынг», адстаўку кабінэта Яцанюка падтрымаў 71 працэнт украінцаў, супраць — 18 працэнтаў грамадзянаў.
«Людзі патрабуюць вашай адстаўкі таму, што вы спыніліся [у правядзеньні рэформаў] і ўжо некалькі месяцаў займаеце абарончую пазыцыю. Вы ўсё забыліся пах падпаленых шын на Майдане, забыліся, чым кляліся там», — заявіў з парлямэнцкай трыбуны лідэр фракцыі «Блёка Пятра Парашэнкі» Юрый Луцэнка.
Па выніках разгляду ў Вярхоўнай Радзе справаздачы Яцанюка 247 дэпутатаў Вярхоўнай Рады прызналі дзейнасьць кабінэта міністраў нездавальняючай, аднак рэзалюцыя аб недаверы ўраду не была падтрымана мінімальна неабходнымі 226 галасамі парлямэнтараў. За рэзалюцыю галасавалі, у асноўным, прадстаўнікі «Блёка Пятра Парашэнкі», «Самадапамогі», «Бацькаўшчына» і Радыкальнай партыі Алега Ляшко [усяго 194 дэпутата]. Такім чынам, для адстаўкі ўрада Яцанюка не хапіла 32 галасоў.
Большасьць членаў «Апазыцыйнага блёка», у які, у прыватнасьці, уваходзяць і прыхільнікі былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча, да галасаваньня за рэзалюцыю аб недаверы пакінулі залю парлямэнта. Дэпутат Вярхоўнай Рады ад «БПП» Мустафа Найем напісаў у «Твітэры», што адмова апазыцыянэраў падтрымаць адстаўку ўраду — вынік дамоўленасьцей паміж алігархам Рынатам Ахмэтавым і Арсенем Яцанбком, які лабіруе яго інтарэсы ва ўрадзе.
Вярхоўная Рада Ўкраіны не адправіла ўрад Арсеня Яцанюка ў адстаўку.