Чаму падае прыбытак беларускіх банкаў і якія гэта можа мець эканамічныя наступствы?

Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Карбалевіч: Як адзначае партал tut.by, за 2015 год прыбытак усіх беларускіх банкаў зьнізіўся нават у беларускіх рублях на 23%, а ў валютным пераліку — больш чым у два разы ў параўнаньні з 2014 годам. Іх паказьнікі самыя нізкія за апошнія сем гадоў.

Існуе некалькі прычын скарачэньня прыбытку беларускіх банкаў у 2015 годзе. Адна з галоўных — пагаршэньне фінансавага стану пазычальнікаў і павелічэньне ў сувязі з гэтым праблемнай запазычанасьці банкаў. За 2015 год праблемныя актывы вырасьлі на 91,5%.

Яшчэ адна прычына падзеньня прыбытку — дэвальвацыя беларускага рубля. Бо банкі маюць немалы рублёвы партфэль крэдытаў, захаваць ранейшую іх даходнасьць у валютным эквіваленце досыць складана.

Таксама працягваецца адток дэпазытаў з банкаў.

Якія наступствы гэта будзе мець? Найперш, банкі зьнізяць магчымасьць крэдытаваць эканоміку.

Другі момант. З прычыны дэфіцыту валюты, цяжкасьцяў пры атрыманьні замежных крэдытаў, міністэрства фінансаў практыкуе выпуск і продаж валютных аблігацый на ўнутраным рынку. Летась было прададзена аблігацыяў на суму каля 2 млрд. даляраў. І важнымі пакупнікамі іх былі банкі. Мяркую, што з падзеньнем прыбыткаў магчымасьці банкаў купляць урадавыя аблігацыі зьменшацца.

Таксама зьменшацца магчымасьці Нацбанку рэалізоўваць своп-зьдзелкі з банкамі, якія часта практыкаваліся раней. Гэта калі на кароткі час Нацбанк абменьваў дзяржаўныя аблігацыі на валюту, што дазваляла статыстычна паказаць большыя золатавалютныя рэзэрвы.

Дракахруст: На працягу году Нацыянальны банк прытрымліваў рост працэнтных ставак, то бок не даваў банкам зарабіць столькі, колькі яны хочуць. У дадзеным выпадку гэта не абавязкова было кепскае рашэньне, таму што калі банкі падымалі б стаўку настолькі, наколькі яны б хацелі, то былі б у большым прыбытку, але іх кліенты-пазычальнікі былі б у яшчэ горшым становішчы, чым тое, у якім яны апынуліся. Беларуская ўлада як заўжды «размазвае» цяжкасьці па ўсёй эканоміцы. Яна такім чынам адбірала ў банкаў патэнцыйныя прыбыткі, каб даць палёгку рэальнаму сэктару.

Але ўражвае параўнаньне: у 2011 годзе курс страшэнна абрынуўся, але банкі мелі прыбытак большы, чым летась. Як ні банальна, гэта азначае, што беларускую эканоміку чакаюць нялёгкія часы. Экспэрты кажуць, што сёлета чакаецца зьліцьцё банкаў, і гэта ня будзе самым кепскі варыянтам — самы кепскі варыянт, калі банкі проста «пасыплюцца».

Кажуць, «банкі жыруюць», «банкі — тлустыя каты», але банкі — гэта крывятворная сыстэма эканомікі. І калі адбываецца закупорка сасудаў, дык і ўсяму арганізму кепска.

Цыганкоў: Думаю, беларуская дзяржава будзе спрабаваць не дапусьціць банкруцтваў, а пойдзе шляхам аб’яднаньня банкаў. Але можа быць, што дзеля паказальнасьці некалькім банкам, самым ненадзейным, дазволяць збанкрутаваць. Калі нехта з укладчыкаў жадае зьняць свой валютны дэпазыт, ён цяпер вымушаны чакаць некалькі дзён. Некаторыя спэцыялісты сьцьвярджаюць, што валютнай наяўнасьці ў банкаў даўно няма. Яна ўся ўкладзеная ў нейкія інвэстыцыі і праекты і не заўсёды хутка можа быць вернутая. Калі б усе разам вырашылі забраць грошы з дэпазытаў, то ў беларускай банкаўскай сыстэме гэтых грошай не было б.

Карбалевіч: Нават ня трэба, каб усе — дастаткова 30%.

Цыганкоў: Гэта гаворыць пра тое, па якой тонкай вяровачцы ходзіць цяпер беларуская эканоміка і банкаўская сыстэма. Любы павеў панікі, якая бывае нават у краінах самых цывілізаваных, можа прывесьці да каляпсу. Нацбанк трымае адсоткавыя стаўкі ў эканоміцы — гэта тая барацьба паміж прыхільнікамі прамысловасьці і прыхільнікамі стабільнасьці курсу, бо выратаваць банкаўскую сыстэму магло б падвышэньне ставак. Магчыма, людзі панясуць грошы ў банкі, гэта трошкі паспрыяе трываласьці рубля, стрымае дэвальвацыю. Мы памятаем, калі ў Расеі напрыканцы 2014 году курс рубля ўпаў на 20-30% і дасягаў 80-90, расейскія ўлады рэзка павысілі гэты адсотак і спынілі падзеньне рубля. Для беларускіх жа ўладаў, як бачым, важнейшая экспартаарыентаваная прамысловасьць, чым рубель. Дэвальвацыя дазваляецца і ідзе даволі актыўна — адпаведна, разам зь ёй страчваюць свае пазыцыі банкі і будуць выжываць як здолеюць.