Яшчэ ў 2014 годзе аршанскія краязнаўцы ўпершыню зьвярнуліся да мітрапаліта Менскага і Слуцкага Паўла з просьбай разабрацца, чаму Віцебская эпархія БПЦ, гаспадар помніка архітэктуры віленскага барока — будынка былога базыльянскага кляштара, ані ня дбае пра яго захаваньне. Будынак больш за 10 гадоў стаіць бяз даху і паступова разбураецца.
Адказу на свой допіс актывісты і гараджане не дачакаліся. А паколькі дасылалі зварот звычайным лістом, то ня мелі паштовых квіткоў з датай адпраўкі або іншых дакумэнтаў, каб зьвярнуцца ў пракуратуру.
Другім разам, 31 ліпеня 2015 году, гэта было ўлічана: зварот адаслалі заказным лістом. Зноў не дачакаўшыся адказу ад мітрапаліта, краязнаўцы зьвярнуліся ў пракуратуру, каб там далі ацэнку дзеяньням адказнай асобы.
Толькі з адказу старшага дарадцы юстыцыі Ягора Дарожкі, супрацоўніка пракуратуры Цэнтральнага раёну Менску, аршанцы хоць нешта даведаліся пра лёс свайго звароту, распавядае адна з аўтараў ліста — Тацяна Вароніна:
«Нашу скаргу даслалі для рэагаваньня ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску — па месцы знаходжаньня адміністрацыі мітрапаліта Менскага і Слуцкага Паўла. Пракурорскія работнікі высьветлілі, што наш ліст яшчэ 21 жніўня мінулага году быў перададзены для высьвятленьня акалічнасьцяў у Віцебскую эпархію БПЦ. Нам пра гэта ніхто не паведаміў. І зь Віцебскай эпархіі нам таксама ніхто не адказваў на працягу амаль што паўгода. Толькі пасьля таго як мы зьвярнуліся ў пракуратуру, нам даслалі адказ — датаваны 20.01.2016. Гэтая дата названая і ў адказе зь менскай раённай пракуратуры, якая засьведчыла парушэньне заканадаўства аб зваротах грамадзянаў».
Паводле супрацоўніка пракуратуры Цэнтральнага раёну Менску, старшага дарадцы юстыцыі Ягора Дарожкі, які падпісаў адказ аршанцам, у Менскае эпархіяльнае ўпраўленьне БПЦ накіраваная інфармацыя пра дапушчанае парушэньне заканадаўства аб зваротах грамадзян.
«Менавіта ў гэтую інстанцыю мы зьвярталіся, і менавіта адтуль не дачакаліся адказу. Аднак копіі дакумэнтаў праверкі дасланыя ў віцебскую гарадзкую пракуратуру. Каб там вырашылі, якім чынам рэагаваць на тое, што адказ, падпісаны архіяпіскапам Віцебскім і Аршанскім Дзімітрыем, быў адпраўлены нам толькі праз паўгода», — працягвае Тацяна Вароніна.
Цяпер у Воршы чакаюць рашэньня, ці будуць пакараныя адказныя асобы з кіраўніцтва Віцебскай япархіі. Аршанскія актывісты спадзяюцца, што спагнаньне за парушэньне заканадаўства змусіць прадстаўнікоў БПЦ ставіцца да думкі грамадзкасьці больш адказна. І ня толькі ў тым, што тычыцца перапіскі.
Галоўны клопат краязнаўцаў — захаваньне помніка архітэктуры. А гэта абавязак, які ўскладзены на гаспадароў. Аднак тыя, ігнаруючы занепакоенасьць грамадзкасьці, усяляк ухіляюцца ня толькі ад таго, каб падбаць пра будынак, але і ад сустрэч з краязнаўцамі, гатовымі прапанаваць сваю дапамогу і супрацоўніцтва.