Пра гісторыю сядзібы і музэю «Пружанскі палацык» карэспандэнт Свабоды пагутарыў з дырэктарам установы Юрыем Зялевічам.
«Пабудаваны палацык у сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя паводле праекту італьянскага архітэктара Францішка Ланчы на замову Валенція Швыкоўскага, маршалка Пружанскага павету. Гэта быў самы лепшы будынак у горадзе на той час, бо тут увогуле з каменных былі хіба толькі вязьніца ды дом аднаго з габрэяў. Швыкоўскі разьбіў тут багаты парк, у яго была добрая аранжарэя. Этнограф Федароўскі пісаў, што ў Швыкоўскага была такая аранжарэя, якая магла пацягацца нават з радзівілаўскімі. Было больш за тысячу адзінак расьлін», — распавядае Юры Зялевіч.
Дырэктар музэю кажа, што палацу пашанцавала, ён перажыў войны і ня быў разбураны:
«Пасьля рэвалюцыі новыя гаспадары палацыка Кляйнміхелі зьехалі. У міжваенны час, пры польскай уладзе, тут знаходзілася павятовае староства. У першыя дні пасьля нападу немцаў на СССР, паводле некаторых зьвестак, тут знаходзіўся штаб генэрала нямецкіх танкавых войскаў Гудэрыяна. Потым быў інтэрнат нямецкіх афіцэраў, а пасьля вайны — інтэрнат савецкіх афіцэраў, інтэрнат агратэхнічнай школы... Тут і клясы вучэбныя былі, і сталоўка, і пральня. Шмат год тут быў дзіцячы садок, стаматалягічная паліклініка».
Юры Зялевіч кажа, што калі б не распад Савецкага Саюзу, тут мог бы быць Дом піянэраў:
«Рэстаўрацыя адбывалася з 1989 да 1998 году. Напачатку тут хацелі зрабіць Дом піянэраў, потым перадалі спажывецкаму таварыству, рэстарацыю хацелі рабіць. Але ў сярэдзіне 90-х гадоў грамадзкасьць настаяла, і было вырашана, каб сюды пераехаў раённы краязнаўчы музэй».
Цяпер Пружанскі палацык — ня толькі музэй, а сапраўдны грамадзка-культурны цэнтар Пружаншчыны:
«Мы займаемся музэйнай працай, арганізацыяй выстаў, экспазыцыі ў нас сталыя працуюць. Праводзім розныя мерапрыемствы, напрыклад жывыя чытаньні, у часе якіх чытаем творы розных літаратараў. Нядаўна былі чытаньні, прысьвечаныя Васілю Сёмуху», — кажа Юры Зялевіч.
Цяпер у экспазыцыйных залях Пружанскага палацыка адбываюцца міжнародная выстава карыкатур Satyrykon, а таксама выстава рукапісаў знакамітага беларускага перакладчыка Васіля Сёмухі.
ТОП-8 цікавостак пра Пружанскі палацык ад Юрыя Зялевіча:
1. Больш за 150 гадоў таму палацык быў абсталяваны навінкамі таго часу: тут быў ліфт, генэратар электрыкі, фатаграфічны станок.
2. Палацык быў адным з трох цагляных будынкаў у горадзе. Ягоная вежа, на якой быў бутафорскі гадзіньнік, — галоўная вось будынка, яна аб’ядноўвае двух- і трохпавярховыя аб’ёмы збудаваньня.
3. У ХІХ ст. да палацыка прымыкаў сад, а таксама вялікі вінаграднік, які цягнуўся ад стайні да аранжарэі, адной з самых прыгожых у Літве — «Падобнай ёй ня мелі і Радзівілы» (Міхал Федароўскі).
4. Гаспадар маёнтка Валенці Швыкоўскі, які пэўны час быў маршалкам Пружанскага павету, быў сваяком пісьменьніка Юзафа Крашэўскага, сябраваў з этнографам Міхалам Федароўскім і мастаком Напалеонам Ордам.
5. У часы свайго маршалкоўства Швыкоўскі прыклаў шмат намаганьняў, каб разьвіваць культуру ў Пружанах і паляпшаць дабрабыт жыхароў краю: арганізаваў у горадзе грамадзкую бібліятэку, конную пошту і дамогся, каб праз Пружаны прайшоў паштовы тракт. На свае сродкі ён заснаваў у вёсцы Дабучын школу для сялянскіх дзетак, пабудаваў у горадзе касьцёл.
6. За ўдзел у паўстаньні 1863–1864 гг. сядзібу канфіскавалі, і Валенці Швыкоўскі зьехаў у эміграцыю. У 1867 годзе, пасьля доўгай перапіскі ягонай жонкі Гермініі (з Важынскіх) з царом, маёнтак вярнулі, але даволі разрабаваны: кветкі з аранжарэі вывезьлі ў царскі Белавескі палац, большую частку маёмасьці распрадалі з аўкцыёну, а цагельню разабралі і цэглу зь яе пусьцілі на будоўлю праваслаўнага сабору, які стаіць і цяпер.
7. Упершыню музэй адчыніў свае дзьверы 19 чэрвеня 1999 году, калі пачала працаваць выставачная заля. Толькі ў 2003 годзе адкрылася першая чарга экспазыцыі інтэр’ераў ХІХ стагодзьдзя — Салён, Кветкавая заля, Зімовы сад і Паляўнічы кабінэт.
8. На сёньня фонды музэю складаюць 6921 адзінку, зь іх амаль 10% экспануецца на 200 кв.м экспазыцыйных і 215 кв.м. выставачных заляў. Штогод у музэй прыходзіць да 10 тыс. чалавек.