300 000 ват громападобнага гуку ад Manowar: ці вытрымае Палац спорту?

Сёньня ў менскім Палацы спорту «грымне» першым і адзіным канцэртам культавы амэрыканскі гэві-мэтал гурт Manowar. Калектыў быў утвораны ў 1980 годзе ў Нью-Ёрку бас-гітарыстам Джоўі ДыМаё (Joey DeMaio) і за прамінулыя 35 гадоў адзначыўся шэрагам усясьветных рэкордаў. Антураж выступу — адпаведны статусу «мэталёвых каралёў»: 6 велікагрузных трэйлераў з абсталяваньнем, 5 камфартабэльных аўтобусаў для пэрсаналу.

MANOWAR:

Joey DeMaio: Bass
Eric Adams: Vocals
Donnie Hamzik:
Drums Karl Logan: Guitars

Як удакладнілі арганізатары канцэрту з агенцтва «Атам Інтэртэймэнт», эўрапейскі тур Gods And Kings (World Tour 2016) стартаваў месяц таму ў чэскай Астраве, агулам жа каманда са 100 чалавек праедзе тузін краін і накруціць больш за 8 тысяч кілямэтраў. У Менск Manowar вязуць 300 тысяч ват акустыкі і 150 квадратных мэтраў LED-панэляў. Самі музыкі абяцаюць, што такога грандыёзнага фэнтэзі-шоў у іхняй гастрольнай гісторыі яшчэ не было, а канцэрт будзе ўяўляць сабой эпічны блокбастэр з «тэлепартацыяй» у Рымскую імпэрыю, старажытную Грэцыю, рай для воінаў Вальгалу ды іншыя куткі рэальнай і міталягізаванай гісторыі.

Незвычайным будзе і выбар «разагрэву»: насуперак чаканьням, што публіку будзе заводзіць хтосьці зь мясцовых «мэталістаў», прапанова сумеснага выступу нечакана паступіла менскаму струннаму аркестру «Мэтамарфоза». Паўтара дзясятка скрыпачоў, віялянчэлістаў, альтыстаў, кантрабасістаў цягам паўгадзіны будуць акампаніраваць Джоўі ДыМаё. Да апошняга дня яны адточвалі легендарныя Immortal Warrior, Valhalla, Overture To Odin ды іншыя кампазыцыі. Падчас туру ўжо адбыліся экспэрымэнтальныя выступы зь мясцовым аркестрам у Нарвэгіі і школьным хорам у Швэцыі, і рэакцыя публікі, як гаворыцца на сайце гурту, «была проста ашаламляльная». Ад сумеснай працы зь менскай «Мэтамарфозай» музыкі чакаюць аналягічнага эфэкту.

Струнны аркестар «Мэтамарфоза» рэпэтуе Manowar:

Ці не ўпершыню для квіткоў на канцэрт такога ўзроўню вызначаны адзіны кошт, не зважаючы на тое, ці гэта танцпляцоўка, ці бакавая трыбуна — 1 мільён рублёў. У валютным эквіваленце выйгралі тыя, хто цягнуў да апошняга: калі летась у кастрычніку, як квіткі толькі паступілі ў продаж, іх цана складала 70 даляраў, то цяпер — нават меней за 50. Праўда, лепшыя месцы сапраўдныя аматары творчасьці «ваяроў» расхапалі, і апошнім пакупнікам давядзецца задавальняцца «верхатурай».

Зрэшты, як кажа кіраўнік менскага рок-клюбу Ўладзімер Зайчанка, у сёньняшніх умовах і даляравы «палціньнік» — прыемнасьць ня з самых танных. Хоць зразумела, што сапраўдныя прыхільнікі гатовыя на любыя ахвяры, каб дакрануцца да ідалаў сваёй маладосьці:

Цэны на квіткі ад таго моманту ня проста вырасьлі, а сталі ні з чым несувымернымі. (...) Я за „саўком“ мог дазволіць сабе зьезьдзіць у тую ж Маскву, паглядзець Pink Floyd ці Black Sabbath і потым яшчэ адцягнуцца.

«Наагул я пачаў хадзіць на канцэрты такога ўзроўню досыць даўно, гадоў пад 30 таму. Пачалося ўсё з Uriah Heep, якія ўпершыню прыехалі ў Маскву яшчэ за савецкім часам, пэўна, годзе ў 1987-м. Дык вось цэны на квіткі ад таго моманту ня проста вырасьлі, а сталі ні з чым несувымернымі. Уласна кажучы, калі параўнаць з тым, што было раней, дык розьніца разоў у дзесяць. Я за „саўком“ мог дазволіць сабе зьезьдзіць у тую ж Маскву, паглядзець Pink Floyd ці Black Sabbath і потым яшчэ адцягнуцца. І ня дзіва: самыя дарагія квіткі каштавалі 5 рублёў! Падкрэсьліваю — дарагія. Прыкідваючы тыя грошы да даляра, — выходзіць, што тыя ж 5 даляраў. Цяпер самыя танныя квіткі — у раёне 40–50 даляраў. Вядома, нельга казаць — маўляў, усё ад таго, што падвышаюць плянку арганізатары. Не, канечне. Дзякуючы інфляцыі таньнеюць самі па сабе грошы, уключна з тым жа далярам».

The Heart of Steel MMXIV — OFFICIAL VIDEO:

Для каго грашовае пытаньне не такое істотнае, тыя маглі набыць адмысловыя фан-пакеты, якія даюць права на «закулісныя» бонусы. Іх два на выбар — «бронзавы» і «сталёвы». У першы ўваходзяць эксклюзіўны сувэнір з аўтографамі ўдзельнікаў гурту, калекцыйны бэйдж, 10-працэнтная зьніжка на афіцыйную прома-прадукцыю, доступ і суправаджэньне на пляцоўцы і некаторыя іншыя запамінальныя моманты. Цана такога пакета — 150 эўра.

Сталёвы «фан-набор» нашмат больш істотны і адрасаваны, як кажуць самі ўдзельнікі Manowar, уладальнікам «стальных яец». Найперш — сумеснае прафэсійнае фота з музыкамі, сувэнір з аўтографамі «ваяроў», экскурсія за сцэну, гарантаванае месца ў першых шэрагах фанатаў, 25-працэнтная зьніжка на прома-прадукцыю, суправаджэньне на пляцоўцы і г.д. Гэткі максымальны доступ да целаў музыкаў абыдзецца ў 500 эўра.

Ніводзін з гэтых двух варыянтаў не прадугледжвае аўтаматычнага пападаньня на шоў — нават пры наяўнасьці «пакетаў» без квітка ў Палац спорту ня пусьцяць. Сам квіток — ня толькі спосаб атрымаць задавальненьне ад канцэрту, але і магчымасьць вярнуцца дадому на дарагім падарунку. Справа ў тым, што Джоўі ДыМаё — заўзяты аматар легендарных амэрыканскіх матацыклаў Harley Davidson, і менавіта зь ягонай ініцыятывы на менскім канцэрце будзе разыграны чопэр Harley Davidson 2015 XL883NHDI Iron 883. У лятарэі будзе ўдзельнічаць лічбавы нумар квітка.

Музыкам Manowar належыць цэлы стос усясьветных дасягненьняў, некаторыя зь іх нават зафіксаваныя ў «Кнізе рэкордаў Гінэса». Найперш, гэта самая гучная каманда ў сьвеце. Упершыню ўзровень 139 дэцыбэлаў быў узяты на жывым выступе ў 1984 годзе, потым дасягненьні карэктаваліся яшчэ тройчы.

The Dawn Of Battle (Live) — OFFICIAL VIDEO:

Яшчэ ў 1983-м, каб пацьвердзіць сур’ёзнасьць амбіцыяў, Джоўі ДыМаё зь сябрамі свае першыя сур’ёзныя кантракты з амэрыканскім і эўрапейскім рэкард-лэйбламі падпісалі літаральна ўласнай крывёй. Праз 20 гадоў яны заснавалі ўласную студыю Magic Circle Music, каб не залежаць ад спробаў навязаць ім нейкі стыль. У 2008-м Manowar адыграў самае працяглае мэтал-шоў у гісторыі — роўна 5 гадзін. Гэта здарылася на оўпэн-эйры ў Баўгарыі.

Яшчэ адзін рэкорд тычыцца колькасьці моваў, на якіх запісаны адзін твор. Удзельнікі Manowar заўсёды падкрэсьлівалі важнасьць «братэрства» аматараў сапраўднага «гэві-мэтала», у доказ чаго запісалі песьню Father ажно на 16 розных мовах. Беларускай у гэтым шэрагу няма (бліжэйшая з суседніх — польская), але хто ведае, што здарыцца пасьля менскага канцэрту 16 лютага?