У сёньняшнім рашэньні аб зьняцьці эўрапейскіх санкцый зь Беларусі няма геапалітыкі, Брусэль хоча падтрымаць крокі Беларусі ў правільным кірунку. Пра гэта, адказваючы на пытаньне парталу TUT.BY, заявіла кіраўніца дыпляматыі Эўразьвязу Фэдэрыка Магерыні на прэс-канфэрэнцыі па выніках пасяджэньня Рады ЭЗ.
Паводле словаў Магерыні, у Беларусі назіраецца пазытыўны трэнд, які Эўразьвяз хоча падтрымаць. Яна патлумачыла, што гаворка ідзе аб аднаўленьні дыялёгу па правах чалавека Беларусі з ЭЗ, перамовах аб спрашчэньні візавага рэжыму, канструктыўнай ролі Беларусі ў рэгіёне, у прыватнасьці, у тым, што тычыцца канфлікту ва Ўкраіне, і аб вызваленьні палітвязьняў у жніўні мінулага году.
Магерыні: Вядома, усё далёка не ідэальна, але мы пагадзіліся працягваць палітыку «крытычнага ўзаемадзеяньня», дзе нехта можа рабіць акцэнт на слове «крытычны», а хтосьці — на «узаемадзеяньні». Але сутнасьць у тым, што мы вырашылі зьняць большасьць санкцый.
Магерыні адмоўна адказала на пытаньне TUT.BY, ці ня выклікана сёньняшняе рашэньне ЭЗ геапалітычнымі меркаваньнямі (паколькі спэцдакладчык ААН не заўважыў прагрэсу ў сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з моманту прыпыненьня санкцый у кастрычніку).
Нашы рашэньні заўсёды грунтуюцца на рэальных заслугах.
Магерыні: Ніякай геапалітыкі. Нашы рашэньні заўсёды грунтуюцца на рэальных заслугах. Гэта адносіцца і да сёньняшняга выпадку. Калі мы прынялі рашэньне аб прыпыненьні санкцый у кастрычніку, мы чакалі канчатковай справаздачы БДІПЧ АБСЭ. Яна была апублікаваная ў студзені.
Паводле словаў дыплямата, Эўразьвяз, здымаючы большасьць санкцый, не сьцьвярджае, што сытуацыя ў Беларусі ператварылася «з чорнай у ружовую за адну ноч».
Магерыні: Але мы прызнаем, што за апошнія гады мы ўбачылі некаторыя натхняльныя крокі. І мы хочам заахвоціць Беларусь да іх працягу.
Магерыні адзначыла, што палітыка ЭЗ адносна Беларусі будзе па максымуму тычыцца простых людзей.
Магерыні: Таму тут няма ніякай геапалітыкі або геастратэгіі. Гэта наш рэгіён. Беларусь — адзін з нашых усходніх партнэраў. Калі мы бачым важныя, хоць і абмежаваныя, крокі ў правільным кірунку, мы лічым, што павінны іх падтрымаць.
Сёньня Эўразьвяз адмяніў вялікую частку санкцый адносна рэжыму ў Беларусі. У сіле засталося толькі эмбарга на пастаўку зброі і санкцыі адносна чатырох чалавек, якіх у Эўразьвязе падазраюць у датычнасьці да гучных зьнікненьняў 1999-2000 гадоў у Беларусі.