На Кастрычніцкай плошчы ў Менску, дзе прадпрымальнікі пратэстуюць супраць Указу № 222, выступіў Павал Севярынец і абвінаваціў старшыню «Пэрспэктывы» Анатоля Шумчанку ў згодніцтве:
«Беларуская хрысьціянская дэмакратыя будзе дапамагаць прадпрымальнікам. У Шумчанкі згодніцкая пазыцыя, ён хоча дасягнуць усяго перамовамі з уладамі, але мы тут 22 гады жывем і ведаем, як улады вядуць перамовы», — заявіў Севярынец.
Сярод удзельнікаў акцыі — Уладзімер Някляеў, Мікалай Статкевіч, Анатоль Лябедзька. Прадпрымальнікі трымаюць плякаты і расьцяжкі «Працу», «222 — рост беспрацоўя», «За свабоду прадпрымальнікаў».
Раней Аляксандар Лукашэнка фактычна выказаўся супраць патрабаваньняў індывідуальных прадпрымальнікаў: улады не зьбіраюцца скасоўваць указ № 222, празь які ў Беларусі паўтара месяца пустуюць рынкі і гандлёвыя цэнтры. Грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва», якое раней плянавала мітынг 15 лютага ў менскім Парку дружбы народаў, адмовілася ад ініцыятывы і спадзяецца на перамовы з урадам.
Тым ня меней прадпрымальнік і актывіст Алесь Макаеў заклікаў сабрацца 15 лютага на мітынг на Кастрычніцкай плошчы. На мітынг прыйшлі палітыкі, у тым ліку Анатоль Лябедзька і Мікола Статкевіч. Лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка ня стаў камэнтаваць магчымасьць свайго ўдзелу.
Удзел у акцыі бяруць паводле розных ацэнак ад 500 ад 1000 чалавек. Прадпрымальнікі плянуюць правесьці наступную акцыю ў панядзелак роўна праз тыдзень.