На беларуска-літоўскай мяжы — вялізныя чэргі з грузавікоў

Павелічэньне чэргаў, якое назіраецца ў апошнія дні, зьвязваюць з канфліктам Расеі і Польшчы па пытаньні аўтаперавозак і блякаваньнем расейскіх грузавікоў ва Ўкраіне.

Паводле сытуацыі на 10.00 на беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску Каменны Лог сабралася 130 грузавых машын, у Беняконі — 110, у Катлоўцы — 90, Прывалках — 60. У ноч з 14 на 15 лютага ў Каменным Логу стаяла 250 машын, у Беняконі 160, у Катлоўцы — 150.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі яшчэ ў чацьвер заявіў, што чакае павелічэньня чэргаў расейскіх грузавікоў на мяжы краіны зь Літвой і Латвіяй. Прычына павелічэньне чэргаў — у канфлікце паміж Расеяй і Польшчай з нагоды аўтаперавозак (бакі не ўзгаднілі квоты дазволаў на праезд фураў). У выніку расейскія перавозчыкі вымушаныя ехаць праз Літву.

Сытуацыю ўскладняе той факт, што ва Ўкраіне грамадзкія актывісты блякуюць праезд грузавых аўтамабіляў з расейскімі нумарамі.