У Антарктыдзе каля 150 тысяч пінгвінаў загінулі ад голаду з-за гіганцкага айсбэрга, які прышвартаваўся да іх калёніі. Ледзяная глыба заблякавала птушкам даступ да вады і ежы.
Як паведамляе The Guardian, глыба лёду, плошчай 2,9 тысячы квадратных кілямэтраў ўклінілася ва ўзьбярэжжа антарктычнай затокі Садружнасьці і пазбавіла калёнію пінгвінаў доступу да вады і ежы. Месцам масавага пражываньня пінгвінаў навукоўцы называюць мыс Дэнісан, які ўразаўся ў затоку, багатую рыбай. Цяпер жа калясальны айсбэрг пазбавіў пінгвінаў магчымасьці дабрацца да ежы, а адлегласьць да бліжэйшага ўзьбярэжжа складае 60 км.
Сам айсбэрг перакрыў доступ да вады яшчэ ў 2011 годзе, і з таго часу папуляцыя пінгвінаў, якая апынулася ў галоднай пастцы, рэзка скарацілася.
Паводле ацэнак навукоўцаў аўстралійскага унівэрсітэта ў Новым Паўднёвым Уэльсе, за пяць гадоў ад 160 тысяч пінгвінаў засталося ня больш за 10 тысяч. Першыя калёніі пінгвінаў тут былі выяўлены больш за 100 гадоў таму.
Дасьледчыкі прагназуюць, што калёнія пінгвінаў на мысе Дэнісан зьнікне цалкам, калі толькі айсбэрг не разбурыцца ці ж не пачне дрэйф да суседніх берагоў.