Украінская сьпявачка Джамала — аб дэпартацыі крымскіх татараў, якой прысьвечаная яе песьня для «Эўрабачаньня»

Сьпявачка Джамала (Суса Джамаладзінава) — адна з найбольш верагодных прэтэндэнтак на ўдзел у конкурсе эстраднай песьні «Эўрабачаньне-2016» ад Украіны. Днямі яна перамагла ў першым паўфінале нацыянальнага адбору з песьняй «1944», прысьвечанай дэпартацыі крымскіх татараў.


Джамала нарадзілася ў Кіргізстане, куды сям’ю яе бацькі выслалі падчас Другой Сусьветнай вайны ў рамках сталінскай кампаніі гвалтоўнага перасяленьня народаў. У 1980-я гады сям’я Джамалы вярнулася ў Крым, дзе сьпявачка правяла дзяцінства і юнацтва. Зараз Джамала жыве і творыць у Кіеве, але сваім сапраўдным домам лічыць сяло Маларэчанскае пад Алуштай. Пасьля далучэньня Крыма да Расеі Джамала не наведвала родныя мясьціны з-за боязі за сваю бясьпеку.


У інтэрвію Свабодзе Джамала распавяла пра гісторыю стварэньня песьні «1944», аб дэпартацыі крымскіх татараў як асабістай трагедыі і аб задачах мастацтва ў сучасным сьвеце:

— Найперш хацелася пагаварыць пра вашу песьню"1944«. Як яна была напісана, што вас натхніла?

— Я напісала яе, вядома ж, не для конкурсу. Я хацела ўключыць яе ў альбом «Подых», які выйшаў у мінулым годзе. Але яна не ўпісвалася туды ні па гучаньні, ні па сэнсе. Гэтая тэма для мяне заўсёды была вельмі важная. Я памятаю, як мая прабабуля расказвала мне аб дэпартацыі. Я тады была яшчэ вельмі маленькая і многіх дэталяў не запомніла. Потым мне пераказвалі гэтую гісторыю ўжо мой дзядуля і тата, і гэтая тэма досыць часта гучала ў нашай сям’і. Падчас вайны мая прабабуля жыла ў сяле Маларэчанскае, у Крыме. Прадзядуля быў на фронце. У сям’і было пяцёра дзяцей, чатыры сыны і дзяўчынка. Іх разам з прабабуляй пагрузілі ў вагон і незразумела куды павезьлі. Прывезьлі ў Сярэднюю Азію, па дарозе адно дзіця памерла, дзяўчынка, ёй быў год з невялікім. Не было магчымасьці нават пахаваць яе па-чалавечы. Для маёй прабабулі гэта быў невыносны боль, які засталася зь ёй да самай сьмерці. І для мяне гэта настолькі балючая тэма, што я не магла не напісаць пра гэта. Так і зьявілася песьня «1944».


— Як адбылося вяртаньне вашай сям’і дадому, у Крым?

— Гэта было ўжо ў 1986 годзе. Мой тата хацеў вярнуцца менавіта ў тое сяло, дзе быў дом прадзеда i прабабулі, адкуль яны былі дэпартаваныя. Мы вярнуліся менавіта ў Маларэчанскае, дзе, дарэчы, калодзеж выкапаны маім прадзядулем, ім да гэтага часу карыстаецца ўсё сяло. Тата быў апантаны ідэяй вярнуцца, і ў яго гэта атрымалася, хоць і з вялікімі цяжкасьцямі. Яго ня прапісвалі з-за крымска-татарскага прозьвішча. Больш за тое, было сакрэтнае распараджэньне, якое забараняла прадаваць дамы крымскім татарам. Бацькам давялося пракруціць невялікую махінацыяю. Яны разьвяліся, і мама купіла дом на свае армянскае прозьвішча. Так мы аднымі зь першых крымскіх татараў купілі дом у Крыме. Мая мама выкладала фартэпіяна, а тата быў па прафэсіі дырыжор. Але ён зразумеў, што ня зможа забясьпечыць сям’ю, калі будзе займацца музыкай, і стаў вырошчваць гародніну і садавіну. У нас вялікі сад — там і інжыр, і хурма, і гранат ...


— У эстраднай музыцы, тым больш на адпаведных конкурсах, усё ж пераважаюць песьні з тэмамі асабістага характару — аб пабітым сэрцы, аб непадзеленым каханьні. Але ваша песьня — гэта выказваньне на даволі складаную, праблемную тэму для цэлага народу. У вас не было асьцярогі, што вы трошкі рызыкуеце, выносячы на конкурс такую складаную тэму?

— Вядома, ёсьць асьцярога, што могуць прыцягнуць за вушы да гэтай тэмы ўсё што заўгодна. Але ніхто ад гэтага не застрахаваны. І для мяне, на самай справе, гэта не менш асабістая тэма, чым калі б я сьпявала пра разьбітае сэрца. Для мяне яна такая ж асабістая і важная. Вядома, гэта песьня аб канкрэтнай падзеі, аб канкрэтнай гісторыі. Але ў другой частцы сьпяваецца пра рэчы, якія аднолькавыя для ўсіх людзей: пра тое, што мы можам пабудаваць будучыню, у якой людзі будуць свабоднымі. Калі мы ня будзем дапускаць паўтору падобных падзей. Гэта трэба проста ўсьвядоміць і пра гэта важна памятаць, каб гэта не паўтарылася. Песьня зьвернутая да маіх аднагодкаў. Тэма талерантнасьці, на самай справе, цяпер па-ранейшаму актуальная, мы сутыкаемся з нецярпімасьцю кожны дзень, што ў Расеі, што ва Ўкраіне. Што было ў галовах у людзей, якія такіх жа людзей пагрузілі ў вагоны і зачынілі там на тры тыдні без ежы і вады? Каб такое ніколі не паўтарылася, трэба казаць пра гэта, трэба перасьцерагаць. Музыка, кіно — уся культура існуе для таго, каб гаварыць пра тэмы, якія хвалююць, для таго, каб выхоўваць чалавечнасьць. А інакш гэта проста нейкая пустая лухта, якая запаўняе наш мозг. Культура павінна абуджаць у нас чалавечае! Я веру, што музыка закліканая абуджаць нашы самыя выдатныя пачуцьці.

Цалкам інтэрвію чытайце ТУТ.