Пра «Браму» і брамнікаў

Брама: літаратурна-мастацкі альманах. Магілёў. № 3, 2015. — Менск: Кнігазбор, 2015.

«Спрадвеку брамы гораду на Дняпры гасьцінна адчыняліся перад падарожнымі, а зачыняліся перад драпежнай набрыдзьдзю...»

Дзякуй Богу, ёсьць у Магілёве «Брама» — узгадаўшы слаўную мінуўшчыну краю, адзначае ў прадмове да альманаху пісьменьнік і навуковец Віталь Еўмянькоў.

І з гэтым цяжка не пагадзіцца. «Брама» сапраўды ёсьць, выхад з друку ужо трэцяга па ліку штогадовага нумару — найлепшае таму сьведчаньне.

Адкрывае сёлетні выпуск мінулагодні дэбютант, аўтар памятнага апавяданьня «Паўлавічаў немец» Сяргей Целеш, сваім новым творам «Баба Верашчака». У аснову твору пакладзеныя рэальныя падзеі. Галоўныя гераіні апавяданьня — шаптуха з-пад Магілёву, баба Феня, і творчая маладая жанчына Ліля, што знаходзіцца ў стане псыхічнага разладу пасьля сьмерці немаўляці. Вядзьмарка сваімі чарамі дае рады хваробе адразу, робіць тое, чаго ня здолела зрабіць нават матчына любоў. З гэтага моманту зьмяняецца жыцьцё і нораў Лілі, і пачынаецца дзіўнае сяброўства двух такіх непадобных міжсобку людзей, яднаньне душаў, супраць якога бясьсільная нават сьмерць.

Сьвет цыганскага мястэчка, такі таямнічы для бальшыні беларусаў і зусім непадобны да сюжэту славутага фільму «Табар сыходзіць у неба».

Сьвет цыганскага мястэчка, такі таямнічы для бальшыні беларусаў і зусім непадобны да сюжэту славутага фільму «Табар сыходзіць у неба», раскрываецца на старонках аўтабіяграфічнага апавяданьня Віталя Еўмянькова:

«Машын было шмат, а людзей у іх — што мух: не палічыць. Усе яны прыехалі на цыганскае вясельле. Насьця, дачка Мікалая, выходзіла замуж за Яна Сіманькова. Пачулі мы, як зайграў Пётр на гармоні, як засьпявалі цыганкі. Неўзабаве паляцелі машыны, панесьлі немаведама куды нашу Насьцю. Нават цяпер маё сэрца сьціскаецца, калі прыгадваю раніцу наступнага дня. Была яна золкая, пахмурная, палыновая. Прывезьлі Насьцю на чорнай „Волзе“. Праставалосую і зьняважаную. Прывезьлі і кінулі каля Мікалаевага паркана».

Трагедыя, пабачаная ў маленстве і асэнсаваная ў сталасьці, прымушае паглядзець крыху іначай ня толькі на наўкольле, а і на сябе самога.

Cемдзесят гадоў таму абодва аўтары цалкам маглі сутыкнуцца ворагамі ў баі.

Сёлета чытачы могуць пабачыць пад адной вокладкай апавяданьне старэйшага пісьменьніка вэтэрана вайны Фелікса Шкірманкова «Пераэкзамэноўка на восень» і фрагмэнт пад назваю «Адступленьне» з успамінаў нямецкага салдата Губэрта Грывэла «Мы марылі пра хлеб і мір. Ваенны палон у Расеі. Магілёў, 1944-1949» у перакладзе Алега Давіда Лісоўскага. А семдзесят гадоў таму абодва аўтары цалкам маглі сутыкнуцца ворагамі ў баі. Бо месца, час дзеяньня і тэма «Пераэкзамэноўкі на восень» — лета 1941-га, Магілёўшчына, пачатак вайны, адступленьне савецкіх войскаў, акружэньне^; месца, час і тэма «Адступленьня» — канец чэрвеня 1944-га, баі за Магілёў, параза нямецкіх войскаў. Нягледзячы на жанравае непадабенства, апавяданьне і ўспаміны — пра адно і тое ж:

«У аднаго вантробы былі вырваныя зь цела, і ён крэпка чапляўся за іх, іншыя ляжалі, енчачы, звалі маці. Яны маліліся, нават тыя, што ўжо шмат гадоў, як развучыліся. Ніхто ня думаў пра фюрэра, які так нікчэмна прынёс нас у ахвяру сваім мэтам...» («Адступленьне»)

«Уздоўж гасьцінца ляжалі забітыя коні з раздзьмутымі жыватамі, перакуленыя фурманкі, а побач зь імі, зьнявечаныя страшэннымі ранамі і сьпёкай, загінулыя людзі» («Пераэкзамэноўка на восень»)

«Божа ж мой, — здрыгануўшыся, падумаў старшыня, — чым правініліся перад табой гэтыя дзеці, што яны самагубства лічаць подзьвігам у імя Радзімы? Той Радзімы, якая не абараніла іх ад сьмяротнай небясьпекі...» («Пераэкзамэноўка на восень»).

Глускія габрэі яны заўсёды пры чым... таму не дзівіцеся, а чытайце далей.

Апавяданьне Навума Сандамірскага «Па робінгудаўскім сцэнары» ў перакладзе Алы Яцковай працягвае цыкл гісторыяў з жыцьця глускіх габрэяў, распачаты ў леташнім нумары. «Пры чым тут дырэктар местачковай сталовай канца 50-ых і нарыхтоўшчык Шалом Садурскі да Робін Гуда?» — зьдзівіцца каторы неабазнаны, прачытаўшы першую старонку. Глускія габрэі яны заўсёды пры чым... таму не дзівіцеся, а чытайце далей.

Ну, а калі вам прыгоды глускіх габрэяў прыйшліся даспадобы, дык абавязкова зацікавіць і падарожжа замежніка Баніфацыя Рында-Шпянёўскага ў беларускую глыбінку, асабліва ягоная прымусовая экскурсія ў райаддзел міліцыі з урыўка аповесьці-фацэцыі пад назваю «Карчоўскія прыгоды» Міхася Карпечанкі.

Творы малой прозы магілёўскіх аўтараў Аляксея Бацюкова і Базыля Камарова маюць назвы сола-мініятуры і карацелькі, а Васіль Аўраменка трапна абазначыў свае запісы як «Стрэлы ў неба». Паводле ягоных словаў, ён хоць даўно не страляе ні з лука, ні з рагаткі і ня любіць салютаў, але рыхтуе іншыя стрэлы з простых словаў, зь цьвёрдымі і мяккімі канчаткамі, укладзенымі ў цеціву роднай мовы, каб патрапілі да таго, хто мае ў іх патрэбу, ці проста пацешылі вока і слых сваім нядоўгім жыцьцём-палётам.

Паэзія даволі разнастайная па форме і зьмесьце: ад клясычнага верша да вэрлібру, ад філязофіі да сатыры.

У разьдзеле «Паэзія» друкуюцца вершы сталых аўтараў «Брамы»: Міколы Яцкова, Тамары Аўсяньнікавай, Сяргея Ўкраінкі, Аляксея Карпенкі, Алеся Макрацова. А таксама Валянціны Вераб’ёвай, Надзеі Палубінскай, якія пачалі пісаць па-беларуску ня так даўно, расейскамоўнага магілёўскага паэта Эдуарда Мядзьведзкага ў перакладзе Міхася Булавацкага і Алы Яцковай.

Паэзія даволі разнастайная па форме і зьмесьце: ад клясычнага верша да вэрлібру, ад філязофіі да сатыры.

Парцэлы — гэта, у перакладзе з францускай, дробны зямельны надзел, на якім селянін вядзе сваю гаспадарку, але ня толькі, а яшчэ й кароткі верш. Парцэлы Алеся Макрацова чамусьці падобныя да традыцыйных японскіх формаў, але гучаць зусім па-нашаму:

Сабранае
золата...
лісічкі
ў кашолцы.

Учынак вайскоўца зь верша Пімена Панчанкі «Герой», што злосна «лёг на зьмяіныя скруткі дроту, / І дзьвесьце салдацкіх запыленых ботаў / Прайшлі па яго сьпіне...» са школьных гадоў добра ўрэзаўся ў памяць. Колькі спрэчак тады было вакол яго!

Лірычны герой верша Сяргея Ўкраінкі зрабіў тое самае, але іначай:

«Жыцьцё, — ён сказаў, — Галівуд!
Ужо трэба жыць — ня потым».
А сам ушчаміў галаву
Ў сіло з электрычнага дроту.»

(«Жыцьцё, ён сказаў, — Галівуд!»)

Час іншы, дрот іншы, героі іншыя...

«Няёмка як перад людзьмі...
Не дурань жа быў, не калека...
Стоп! Хто ты такі, каб судзіць
(былога ужо) чалавека?!»

(«Жыцьцё, ён сказаў, — Галівуд!»)

Усьцешвае тое, што магілёўскія пісьменьнікі і крытыкі год ад году пільнуюцца свайго, згадваючы найперш сваіх землякоў, і тых, якія на слыху штодня, і рэпрэсаваных, незаслужана забытых. У разьдзеле «Спадчына» свае думкі аб творчасьці Сяргея Пысіна з нагоды ягонага 95-годзьдзя выказваюць Сяргей Панізьнік, Сяргей Украінка. Трагічны лёс і літаратурны талент Васіля Каваля — тэма нарысу Ўладзімера Ліўшыца. Сваімі ўспамінамі аб сустрэчах зь Сяргеем Грахоўскім дзеліцца Валерый Васілеўскі. З асобай Аўгена Бартуля і ягонай малавядомай паэмай пра Машэку знаёміць чытачоў «Брамы» Сяргей Чыгрын. Яраслаў Клімуць у артыкуле «Памкненьні ў будучыню: Алесь Адамовіч» дасьледуе стаўленьне і ацэнку творчасьці клясыкаў тагачаснай беларускай літаратуры Алесем Адамовічам. Апроч таго ў разьдзеле «Крытыка і літаратуразнаўства» магілёўцы распавядаюць аб кнігах паплечнікаў-сучасьнікаў, што выйшлі ў 2015 годзе.

На старонках «Брамы» і падчас заплянаваных прэзэнтацый вы можаце пазнаёміцца з вышэйпамянёнымі творамі, якія вам упалі на душу, а таксама, магчыма, з тымі, што засталіся па-за нашай тут увагай. А калі нешта з прачытанага і пачутага яшчэ й застанецца ў памяці, дык гэта і будзе для магілёўскіх брамнікаў найлепшай ухвалай.