У Пскоўскую вобласьць беларусы зь віцебскага памежжа езьдзяць гандляваць «зь зямлі», хаваючыся ад паліцыі. А яшчэ — на працу, бо на расейскіх сьвінакомплексах пад Невелем добрыя заробкі, у адрозьненьне ад фэрмаў суседняй Гарадоччыны.
Ад Віцебска да расейскага Невеля — трошкі болей за 100 км. Ад райцэнтра Гарадок, прыблізна роўнага зь Невелем па колькасьці насельніцтва, — амаль на палову меней. А ўжо ад мястэчка Езярышча на самым беларускім памежжы, дык увогуле 25 кілямэтраў. Гэтым і карыстаюцца мясцовыя жыхары, тлумачыць памежны страхоўшчык аўтамабіляў:
«Бачылі людзей на прыпынку? Гэта ў Расею едуць па макароны і алей, праз Езярышча раз на суткі ходзіць аўтобус. Але ў асноўным езьдзяць працаваць. На сьвінакомплексы ажно пад Вялікія Лукі. Там заробкі — ого-го, ня тое што на нашых фэрмах, дзе даярка ўзімку зарабляе 500 тысяч рублёў. Едуць і едуць, бо ні ў Гарадку, ні ў Езярышчы працы няма, усё да абуха дабіта!»
Езярышча сканчваецца неяк неўпрыкмет, і на дарозе паўстае памежны пункт з расейскім гербам на гранітнай стэле і надпісам на трыкалёры «Псковская область». Зрэшты, на гэтым веліч бліжэйшага «русского мира» і заканчваецца: праз колькі вёсачак амаль што беларускага выгляду вандроўніка сустракае заіржаўленая шыльда «Невель». Населены пункт, які значна даўжэй быў горадам у складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай, чымсьці заштатным паселішчам у Расейскай імпэрыі, і які меў беларускую мінуўшчыну нават у складзе БССР — пакуль у сакавіку 1924 году не была скасаваная Віцебская губернія, частка якой — Вяліскі, Себескі і Невельскі паветы — увайшла ў склад РСФСР.
Здаецца ж, тое было дужа даўно. Аднак першае ўражаньне ад Невеля, нібыта грамадзянская вайна і паваенная разруха яшчэ ня скончыліся. Побач з шашой — закінуты Дом культуры з выбітымі вокнамі, а за брамай зь сярпом і молатам зеўрае пустымі праёмамі нежылы будынак з чырвонай цэглы. І нарэшце першая прыкмета сучаснасьці: білборд са слоганам «ЛДПР за Псковскую область».
Вочы міжволі шукаюць хрэстаматыйных прыкметаў «старажытнага рускага горада». І знаходзяць — у афармленьні аўтобуснага прыпынку, аздобленага малюнкамі «сямі праваслаўных цэркваў, манастыра і адной капліцы». А таксама, як пісаў пра Невель напрыканцы 19-га стагодзьдзя віцебскі этнограф і краязнаўца Аляксандар Семянтоўскі, «аднаго мураванага касьцёла, дзевяці габрэйскіх школ, 3-х грабарных і 2-х цагляных заводаў».
З усяго пералічанага ў цэнтры сучаснага Невеля можна ўбачыць хіба што Сьвята-Троіцкі сабор. І якраз побач — кірмаш, куды беларусы едуць па танныя макароны і алей. Аднак часьцей прывозяць на продаж сваё — ад прадукцыі, вырашчанай на ўласным падворку, да «падпольнай» каўбасы.
Вёдры зь беларускай бульбай стаяць недалёка ад уваходу на кірмаш. Гаспадары размаўляць ня хочуць: больш як прызнаньня, што яны беларусы, зь іх ня выцягнуць. Аднак прадукцыя карыстаецца попытам: каля яшчэ адной машыны зь беларускімі нумарамі добрая чарга па бульбу і яблыкі. Хлопец-гандляр, не адрываючыся ад вагаў, кажа каротка і ёміста: «Прывожу, значыць выгадна!»
Але найвыгаднейшага для абодвух бакоў гандлю шукаць на кірмашы марна. Жыхары Невеля спачатку падазрона агледзяць цябе з галавы да ног і толькі пасьля употайкі махнуць рукой за плот: там прадаецца «падпольная» беларуская каўбаса, зь якой змагаецца мясцовая паліцыя.
А беларускія «падпольшчыкі»-гандляры гатовыя ў любы момант «прыкрыць лавачку» — захлопнуць багажнік аўто, які служыць і прылаўкам, і складам мясной прадукцыі.
«Так, паліцыя крыху ганяе. Але што нам застаецца рабіць, калі ў Беларусі працы няма, а жыць трэба? Грузім каўбасу, „згушчонку“, сыр і на выходныя — сюды», — гаворыць гандлярка, паглядаючы па бакох.
Пакупнікі дружна абураюцца: маўляў, ня трэба беларусаў ганяць, у іх дужа смачныя і каўбасы, і ўсё іншае. У супэрмаркетах «Магніт» або «Пяцёрачка» такога таннага ды смачнага нізавошта ня купіш. А што без санкніжкі ды іншых атрыбутаў законнага продажу — дык на гэта даўно ніхто не зважае.
Пакуль параўноўвалі смакавыя якасьці расейскіх і беларускіх каўбас, ледзьве не прапусьцілі падыход паліцыянта. Але багажнік своечасова зачыніўся, і прэтэнзіяў не было.
Зрэшты, зь нядаўняга часу на кірмашы ў Невелі зьявілася афіцыйная крама «Продукты из Белоруссии». Уладальнікі гандлёвай кропкі — зь Віцебску, адтуль жа прыяжджае і гандлярка. У асартымэнце ж — прадукцыя ня толькі віцебскай вытворчасьці. Каўбасы, мяса, малочныя і кандытарскія вырабы — з розных рэгіёнаў. Пакупнікі задаволеныя, паўтараюць ужо пачутае раней «беларускія прадукты натуральныя» і «ваш Лукашэнка сочыць за якасьцю».
Кошты на мясныя вырабы ў краме і «зь зямлі» прыкладна аднолькавыя, і прыблізна такія ж, як у Беларусі. Але толькі ў Невелі харчы можна скласьці ў пакет-«майку» з Пагоняй! Вершнік з узьнятым мячом на зялёным полі — герб Невеля, ён крыху перагукаецца з сучасным гербам Віцебскай вобласьці. І паходзіць з 1781 году, калі на гербе былі дзьве сымбалічныя выявы: у верхняй частцы — дзьвюхгаловы імпэрскі арол, а ў ніжняй, якая азначае падпарадкаванасьць, «в серебряном поле старый Полоцкий герб, на коне воин, держащий в правой руке саблю, а на левой руке надетый красный щит с двойным на оном крестом».
Што да рэчаўнай часткі невельскага кірмашу, то тут у асабліва буйных маштабах гандлююць адзеньнем «сэканд хэнд» з Эўропы. І — кажуць — попытам карыстаюцца зноў-такі беларускія тавары. Праўда, у краме «Продукты из Белоруссии», што побач з кірмашом, пакупнікоў амаль не было.
Прыметнік «беларускае» даўно стаў тут сынонімам «якаснае», калі вядзецца пра харчы або адзеньне. А вось пра заробкі ў Беларусі расейцы ў Невелі разважаюць са шкадобай.
«Хіба гэта грошы, што ў вас атрымліваюць? Дый беспрацоўе ў вас... Вось пачакайце, наш Пуцін набудуе сьвінакомплексаў. Ужо адзін збудавалі, дык там рабочыя атрымліваюць па 20 тысяч рублёў! У нас настаўнікі, і тыя маюць толькі каля 12 тысяч. Будзе праца і вам, беларусікі! Прыяжджайце! Ну і Лукашэнка ваш, канешне, маладзец! Мы яго ўсе любім. У вас паўсюль парадак,» — разважае спадар, паказваючы дарогу да невельскай адміністрацыі і цэнтру гарадка.
Адміністрацыя тут суседнічае з будынкам, дзе даўно і надзейна забітыя вокны. Калі зірнуць лявей, то ўбачыш помнік Леніну. За ягонай сьпінай — крама «Кооператор» зь вясёлкавай сымболікай. А сам правадыр сусьветнага пралетарыяту выглядае драбнаватым падлеткам, ускочыўшым на неадпаведна вялікі пастамэнт. Ягоны позірк накіраваны ці то на кінатэатар «Ракета», дзе фільмы апошні раз паказвалі ў мінулым стагодзьдзі, ці то на абшарпаны бюст Пушкіна, прыткнуты ў сквэрыку за аўтобусным прыпынкам.
Пушкіна шкада: у свой час ён стаўся ахвярай царызму і быў сасланы ў пскоўскую глыбінку, а цяпер ягоныя нашчадкі шкадуюць для клясыка якаснага цэмэнту ды блакітнай фарбы. І пра паэзію, дзе «Пушкін — наша ўсё», ня згадваюць, — хваляць Лукашэнку і «падпольную» каўбасу, якую прывозяць у Расею беспрацоўныя беларусы.