Казацтва ня мае гістарычных каранёў на Беларусі, а сёньняшнія казацкія арганізацыі — наагул «пятая калёна», перакананы доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч.
«На Беларусі існавалі так званыя казацкія харугвы — напрыклад, пры дварах магнатаў. Каралеўская гвардзейская казацкая харугва, вялікакняская існавала. Але ў той форме, як гэта прадстаўляе шайка Ўлаховіча, гістарычных каранёў гэтая зьява ў Беларусі ня мае. Увогуле гістарычны стэрэатып казака ў Беларусі вельмі нэгатыўны. Нават нашы ўкраінскія браты, украінскія казакі, якія змагаліся за сваю незалежнасьць у XVII стагодзьдзі, на Беларусі былі акупантамі — гэтую старонку нашай гісторыі ня трэба абмінаць. Казакі нас забівалі, рабавалі, палілі гарады. І само паняцьце „казак“ у беларускай гістарычнай сьвядомасьці выступае як нэгатыўны тэрмін», — падкрэсьлівае гісторык.
А дзейнасьць сучасных так званых казакоў трэба наагул разглядаць як пагрозу незалежнасьці Беларусі, лічыць Краўцэвіч.
«Калі казаць пра казацтва Ўлаховіча, то гэта чыста расейская „пятая калёна“. Я лічу, што ім трэба не даваць статус злучэньня тэрытарыяльных войскаў, а разагнаць іх як найхутчэй, таму што гэта тыя людзі, якія будуць далучаць нас да Расеі», — кажа ён.
У суботу на пазачарговым «вялікім крузе» грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае казацтва», якое ўзначальвае экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Улаховіч, казакі зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай дазволіць ім стаць злучэньнем тэрытарыяльных войскаў Беларусі.
Было заяўлена, што асноўная статутная мэта аб`яднаньня — «адраджэньне казацтва ў Рэспубліцы Беларусь на асновах праваслаўя, патрыятызму, служэньня Айчыне, адданасьці беларускаму народу і яго прэзыдэнту».