Алесь Сураў вядомы ў Горадні як дызайнэр, карыкатурыст, сцэнаграфіст, майстра інсталяцый і жывапісец.
У дзень адкрыцьця выставы яму спаўнялася 50 гадоў, але мастак сказаў наведнікам галерэі, што гэта выстава не падсумоўвае пражытае і пройдзенае ў жыцьці, а папросту падарунак гарадзенцам: «Я заўважыў, што ў гэты няпросты для нас усіх час мяне чамусьці больш схіляе пісаць жывапіс, а не займацца нечым іншым. І вось гэтыя апошнія працы якраз і хацелася зрабіць падарункам для гарадзенцаў з тым, каб пацешыць вас усіх сваімі думкамі і здабыткамі.
А мае думкі і карціны часьцей за ўсё нараджаюцца ў вёсцы Салацьцё, куды я імкнуся зьяжджаць з горада, бо толькі там зараз можна знайсьці цішыню і ўнутраны спакой...»