Старшыня фракцыі «Блёк Пятра Парашэнкі» ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Юрый Луцэнка у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што Расея не адмаўляе прысутнасьць сваіх частак у зоне канфлікту ў Данбасе на Менскіх перамовах:
«Мы знаходзімся ў адкрытым канфлікце з Расеяй. Згодна з нікім не аспрэчанымі дадзенымі, у Данбасе цяпер знаходзяцца 8 тысяч рэгулярных расейскіх войскаў. Падкрэсьліваю: рэгулярных», — заўважыў ён. — «Гэта не адмаўляе нават прадстаўнік расейскага боку на перамовах у Менску. А сярод каля 40 тысяч узброеных сэпаратыстаў у Данбасе ёсьць досыць вялікая колькасьць грамадзянаў Расеі».
Служба бясьпекі Ўкраіны афіцыйна задакумэнтавала ўдзел у канфлікце ў Данбасе 56 расейцаў. У ведамстве таксама мяркуюць, што ў зоне канфлікту прысутнічаюць 8,5 тысяч расейскіх вайскоўцаў.
Расейскае кіраўніцтва са свайго боку неаднаразова адмаўляла прысутнасьць расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Ўкраіны. Аднак інфармацыя з адкрытых крыніцаў (спадарожнікавыя карты, сацыяльныя мэдыя) дазваляе дасьледчым групам накшталт Bellingcat сьцьвярджаць, што расейскія войскі перасякалі мяжу Ўкраіны і прымалі актыўны ўдзел у канфлікце. Пры канцы 2015 года прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін зрабіў заяву, якую многія палічылі першым крокам да прызнаньня таго, што расейскія войскі дзейнічаюць у Данбасе:
«Мы ніколі не казалі, што там няма нашых людзей, якія займаюцца рашэньнем пэўных ваенных пытаньняў», — заявіў прэзыдэнт РФ.