На гэтым тыдні споўнілася 111 гадоў з дня нараджэньня Айн Рэнд — аднаго з самых яскравых і радыкальных лібэральных пісьменьнікаў і філёзафаў 20-га стагодзьдзя.
Айн Рэнд (сапраўднае імя Аліса Розэнбаўм) нарадзілася ў Санкт-Пэтэрбургу ў сям’і фармацэўта, была сьведкай Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый. У 1920-я гады яна эмігравала ў ЗША, дзе й праславілася як апалягет індывідуалізму і свабоднага рынкавага капіталізму, чые кнігі і па сёньняшні дзень прадаюцца накладамі ў сотні тысячаў экзэмпляраў штогод.
Не паўсюль гэта пішуць, але нам можа быць неабыякавым, што яе бацька нарадзіўся ў Берасьці. Наш рэгіён увогуле багаты на таленавітых лібэралаў: Людвіг фон Мізес, асноўны лібэртарыянскі эканаміст 20. стагодзьдзя, нарадзіўся і першыя гады правёў таксама непадалёк, у аўстрыйскай Заходняй Украіне.
Шчыра кажу: пакуль нашых дзяцей у школе травяць Лявом Талстоем зь ягонай шкоднай антылідарскай філязофіяй а-ля «нічога ад цябе не залежыць, і нават твая ўласная воля — гэта прадукт зьбегу незалежных ад цябе абставінаў», лепш бы ім давалі чытаць Айн Рэнд зь яе пасылам, што чалавек павінен рэалізаваць сябе там, да чаго ляжыць ягоная душа і так, як ён хоча; і што ніхто ня мае права яму ў гэтым перашкаджаць.
Ня лішне бы і многім дарослым яе прачытаць — асабліва тым, хто займаецца ў нас рэфармаваньнем эканомікі і кіраваньнем дзяржаваю.
Айн Рэнд я звыкся ўспрымаць як «вельмі амэрыканскую» пісьменьніцу, яе галоўныя культавыя творы «Атлянт расправіў плечы» (Atlas shrugged) і «Першакрыніца» (Fountainhead) — гэта кнігі пра моцных і творчых людзей, якія імкнуцца вызваліцца з кайданкоў, якія на іх хоча навесіць карумпаванае грамадзтва. Гэта кнігі пра «амэрыканскую мару» і амэрыканскага чалавека, якім мы звыкліся яго бачыць — па-добраму ці па-дрэннаму эгаістычнага і самастойнага, па-добраму ці па-дрэннаму прагматычнага і адначасова ідэалістычнага.
Але яе самая раньняя кніга, якую я прачытаў толькі што — «Мы, жывыя» (We the living, у расейскім перакладзе «Мы живые») — была напісаная па матывах успамінаў пра жыцьцё ў савецкім Петраградзе-Ленінградзе і прысьвечаная такім знаёмым нашым савецкім рэаліям.
З кнігі відно, што ўжо ў 20-я гады, менш, чым празь дзясятак гадоў пасьля рэвалюцыі, асноўныя рысы, дух і альгарытмы функцыянаваньня «саўка» ўжо цалкам аформіліся: бюракратызм і таталітарызм поруч з хлусьнёй і крывадушшам; вонкавы ідэалізм на плякатах — і грубы матэрыялізм, барацьба за прымітыўнае выжываньне, у галовах людзей, якія трымаюць гэтыя плякаты.
З 20-х гадоў па 80-я не зьмянілася, такое ўражаньне, амаль нічога. «Савок» хіба што забранзавеў, загранітнеў, напіўся крыві ў тэрор і ў Другую Сусьветную. Падвыкасіў і падзаткнуў людзей, якія маглі б асьмеліцца ўслых крытыкаваць яго — былыя дарэвалюцыйныя эліту і сярэдні кляс, пасьпяховых сялян-«кулакоў» ці ідэалістычных раньніх бальшавікоў. Пасьля чаго зьлётаў у космас і трошкі падкінуў людзям адноснага жыцьцёвага камфорту ў брэжнеўскія часы.
І ў такім кантэксьце разумееш (і толькі нам, савецкім, гэта наканавана так пабачыць), што найбольш вядомыя творы Айн Рэнд — гэта, напэўна, перадусім тое, што вырасла з радыкальнай антытэзы да менавіта савеччыны, з пратэсту менавіта супраць нашага «саўка» з боку нашай былой суайчыньніцы.
Кнігу «Мы, жывыя» сама аўтарка апісвала як пасланьне жыхарам Заходняга сьвету ад пакінутых у СССР нармальных, жывых людзей, пра тое, што сабой уяўляе савецкая сыстэма. Але цяпер гэта сталася пасланьнем нам, постсавецкім і савецкім жа людзям — уражаньні чалавека пра тое, як нашым продкам жылося ў першыя гады гэтай савецкай улады.
Гэта, бадай, самая «асабістая» кніга Айн Рэнд. Яна аказалася самай асабістай і гістарычна-каштоўнай для мяне як чытача; яна дапамагла ўявіць сабе ў 20-я гады ўсіх маіх савецкіх продкаў: і зьбяднелых дарэвалюцыйных купцоў, і рамантыкаў-рэвалюцыянэраў, і сялянаў, для якіх адчыніліся новыя сацыяльныя ліфты. І, зрэшты, заходніх беларусаў, якія тады уяўлялі сабе СССР і сацыялізм на падставе савецкай прапаганды — у чым у 1939 годзе яны былі вымушаныя моцна расчаравацца.
Пачытайце, вельмі раю.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.