Паводле тэксту рэзалюцыі, прыведзенага агенцтвам УНІАН, Эўрапарлямэнт «вітае ініцыятыву Ўкраіны па стварэньні міжнароднага мэханізму перамоў па аднаўленьні ўкраінскага сувэрэнітэту ў Крыме ў фармаце „Жэнэва плюс“, які павінен прадугледжваць непасрэдны ўдзел ЭЗ; заклікае Расею пачаць перамовы з Украінай і іншымі бакамі адносна дэакупацыі Крыму».
Эўрапарлямэнт асудзіў «рэгулярны ўціск незалежных сродкаў масавай інфармацыі, журналістаў і актывістаў грамадзянскай супольнасьці ў Крыме». У рэзалюцыі выказваецца шкадаваньне з нагоды супрацьпраўнага закрыцьця ў Крыме тэлеканала ATR.
Таксама, як гаворыцца ў дакумэнце, Эўрапарлямэнт «лічыць закрыцьцё крымскататарскіх школ і клясаў ды абмежаваньне выкарыстаньня мовы сур’ёзным парушэньнем асноўных правоў чальцоў супольнасьці». Выказваецца шкадаваньне з нагоды перашкодаў лідэрам крымскіх татараў, якія вяртаюцца ў Крым, іх перасьледу і «непрымальнага ціску на сяброў Мэджлісу».