Вярхоўная Рада Ўкраіны пераназвала пяць гарадоў і больш за паўтары сотняў сёлаў згодна з законам аб «дэкамунізацыі».
Як паведамляе ўкраінская служба Бі-Бі-Сі, у Данецкай вобласьці Арцёмаўск перайменавалі ў Бахмут, Дзяржынск — у Тарэцк, Чырвоны Ліман — у Ліман. Адпаведна, Арцёмаўскі раён стаў Бахмуцкім.
Ільлічоўск, што ў Адэскай вобласьці, зьмяніў назву на Чарнаморск.
Акрамя таго, у Палтаўскай вобласьці горад Чырвоназаводзкае перайменавалі ў Заводзкае.
Усяго зьменена 175 назваў. Найбольш пераназваньняў у Харкаўскай вобласьці — 44 паселішчы, у Данецкай — 33, у Чарнігаўскай — 25.
На Кіеўшчыне перайменавалі 21 вёску. У прыватнасьці, Кірава ў Барыспальскім раёне стала сялом Кучаковым, а Кірава ў Іванкаўскім раёне — Калінавым.
Усяго ў межах дэкамунізацыі павінна быць перайменавана больш за 900 гарадоў і вёсак.
Згодна з законам, павінны зьмяніцца назвы гарадоў і сёл, якія названыя ў гонар дзеячаў савецкага мінулага. Сярод іх два абласныя цэнтры — Днепрапятроўск і Кіраваград.
У Беларусі абавязкова трэба правесьці кампанію па «дэкамунізацыі», аналягічную той, што праводзіцца цяпер ва Ўкраіне.
Дык што: усе 70 гадоў савецкай улады трэба забыць? Так, трэба.
Такое меркаваньне Свабодзе выказаў гісторык Анатоль Тарас.
«Пакуль мы не забудзем усё, што мае нейкае дачыненьне да Савецкага Саюзу, ніякіх крокаў наперад у нас ня будзе ні ў якім выпадку. Усё гэта трэба забыць і выкінуць: ніякіх савецкіх фільмаў, ніякіх савецкіх кніжак, ніякіх савецкіх назваў, ніякіх савецкіх помнікаў. Нічога на ўсё 100%!
Мяне часам пытаюць: дык што, з вашага пункту гледжаньня, усе 70 гадоў савецкай улады трэба забыць? Так, трэба. На мой погляд, менавіта так і трэба зрабіць, бо гэта быў шлях у цемру, у нікуды. Забыць і выкінуць», — заявіў гісторык.