Dzieciuki прысьвяцілі песьню Тадэвушу Касьцюшку

Гурт Dzieciuki

Музыкі прэзэнтавалі песьню «Тадэвуш Касьцюшка» ў дзень народзінаў нацыянальнага героя.

4 лютага 1746 году ў фальварку Марачоўшчына нарадзіўся кіраўнік антырасейскага паўстаньня 1794 году і ўдзельнік вайны за незалежнасьць ЗША, нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, Злучаных Штатаў Тадэвуш Касьцюшка. Роўна празь 270 год гарадзенскі гурт Dzieciuki прадставіў на Tuzin.fm песьню «Тадэвуш Касьцюшка».

«Для нас Тадэвуш Касьцюшка — увасабленьне гонару і годнасьці народа, які жыве на той самай зямлі, што дала яму жыцьцё. Гэты змагар-рамантык жыве ў кожным з нас — тых, хто шукае лепшага і справядлівага», — камэнтуе песьню гурт. Паслухаць песьню нажывую можна будзе 27 лютага падчас выступу гурту на прэміі «Даём рады» ў менскім Re:Public і на прэзэнтацыі альбому «Рэха», у які ўвойдзе песьня, 12 сакавіка ў Беластоку. Разам з тым гурт плянуе даць і сольны канцэрт у Менску.