На погляд Зьмітра Вайцюшкевіча, які ён выказаў у інтэрвію Свабодзе, улада засьведчыла, што для музыкаў працягваюць дзейнічаць «чорныя сьпісы» і што да памяці народнага паэта Беларусі яна павагі ня мае:
— Яшчэ тыдзень таму ад мяне запатрабавалі тэксты, і была нейкая надзея — здавалася, што вырашаюцца тэхнічныя пытаньні. Я даслаў гэтыя тэксты — 13 вершаў Рыгора Барадуліна, якія склалі альбом „Паравоз каханьня“, і гэтулькі ж вершаў Уладзіміра Маякоўскага, частку якіх я таксама меўся прасьпяваць. А выявілася, што гэтак чыноўнікі ці то зацягвалі час, ці то чакалі аднекуль каманды і марудзілі, каб адмовіць.
Для мяне гэта не было нечаканасьцю, але сапраўдныя матывы па-ранейшаму незразумелыя: альбо сярод чыноўнікаў ёсьць асаблівы „аматар“ маёй творчасьці, альбо па-ранейшаму ёсьць гэты „чорны сьпіс“ і па-ранейшаму ёсьць адпаведная каманда.
Раней былі такія забароны, што чыноўнікі тэлефанавалі гаспадарам арандаванай залі, альбо прыходзілі і казалі — маўляў, які можа быць Вайцюшкевіч, вы Майдану хочаце? А цяпер — на падставе таго, што вершы маюць парнаграфічны і экстрэмісцкі характар. Толькі не зразумеў, чые вершы — Барадуліна ці Маякоўскага?
— Гэта такая афіцыйная вэрсія адмовы?
— Спаслаліся на ўказ кіраўніка краіны № 257, дзе пералічаныя наступныя прычыны адмовы: элемэнты прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці. Мой папярэдні дазволены канцэрт адбыўся 29 кастрычніка ў Менску — магчыма, хтосьці з чыноўнікаў быў у адпачынку. Яшчэ раней — таксама быў адзін канцэрт у 2014 годзе.
Увогуле ж забароны на мае канцэрты актыўна дзейнічаюць з 2011 году. І, калі ўжо глядзець больш маштабна, то з 2004 году нармальна выступаць у гэтай краіне не даюць — пасьля таго як адбыліся выступы на мітынгах на плошчы Бангалор. Гэта такая помста, якая сыходзіць ад спэцслужбаў ці прэзыдэнцкай адміністрацыі, бо яны кіруюць у гэтай краіне. Тым больш што літаральна днямі тут выступаў такі гурт „Ленінград“ — ня самы бясьпечны гурт з пункту гледжаньня нарматыўнай лексыкі. Але на гэта закрываюць вочы, даюць дазволы і прадаюць квіткі, а сваіх музыкаў топчуць і прыніжаюць.
— Як гэтая сытуацыя ўплывае на беларускіх выканаўцаў і аматараў айчыннай музыкі?
— Нічога добрага ў гэтым няма, натуральна, хоць я ў кожным разе аптыміст. Музыкі, якія пад забаронай, выжываюць і пад забаронай. Такія вядомыя музыкі, як Вольскі, Міхалок, я таксама, і іншыя — мы выжывем, і так будзе.
А вось маладым музыкам цяжка — ім даводзіцца вырашаць, ці варта займацца музыкай. Бо матывацыю дзеяньняў чыноўнікаў цяжка вытлумачыць: ці іхнымі дзеяньнямі кіруе ідэалёгія, ці страх, ці самазахаваньне, ці помста — невядома. Гэта ані па-дзяжаўнаму, ані па-нацыянальнаму.
Мне як артысту цяжка зразумець гэтыя бюракратычныя схемы і на што яны абапіраюцца. Што тычыцца нашай аўдыторыі, то зноў даводзіцца прыдумляць шляхі, як абысьці гэтыя перашкоды. Да прыкладу, калі ўсё атрымаецца, то 30 красавіка ў Віленскай ратушы адбудзецца мой сольны канцэрт. Гэтак беларусы ўжо прызвычаіліся цярпець значна большыя выдаткі і траціць гэтыя грошы ў Вільні, а не пакідаць у сябе дома ў Беларусі. Хацелася б у гэтым пытаньні дыялёгу і разуменьня з боку ўладаў, але гэтага няма.
— Бліжэйшым часам вы зьяжджаеце ў Варшаву паводле творчай праграмы. Чым вы будзеце займацца і ці прыедзеце назад у Беларусь?
— Я зьяжджаю на паўгода, але буду вяртацца нават у гэты час — раз ці два на месяц. Буду прыяжджаць на ўдзел у праекце „Мова нанова“, у Магілёў, Гомель, Вайцюшкі і гэтак далей. А ў Варшаве буду рабіць сустрэчы, фэстывалі, таксама плянуецца канцэрт „Народнага альбома“ ў Варшаве і запіс яго на тэлеканале „Белсат“ — неўзабаве альбому 20 гадоў. Блізка Бэрлін, блізка Прага — там таксама плянуюцца імпрэзы. Так што няхай яшчэ пазайздросьцяць такому лёсу забароненага музыкі.