Расейская дзелавая газэта «Взгляд» 1 лютага апублікавала артыкул «Поле бітвы — Беларусь», дзе аўтар дзеліцца сваімі асьцярогамі наконт будучыні Беларусі, якая можа пайсьці па шляху Ўкраіны. У артыкуле сьцьвярджаецца, што ў Беларусі назіраецца рост нацыяналістычных і праэўрапейскіх настрояў, асабліва сярод моладзі.
«Захад усімі сіламі спрабуе ўзьдзейнічаць на насельніцтва рэспублікі з дапамогай СМІ. Улічваючы іх папулярнасьць, такая палітыка рана ці позна прывядзе да посьпеху. Беларуская моладзь падобна ўкраінцам будзе „замбаваная“ антырасейскай прапагандай», — падкрэсьліваецца ў артыкуле.
Ці можна спыніць гэты працэс? Можна. Для гэтага наша краіна павінна актыўна ўключыцца ў працэс інфармацыйнай вайны ў Беларусі.
«Узьнікае пытаньне: ці можна спыніць гэты працэс? Можна. Для гэтага наша краіна павінна актыўна ўключыцца ў працэс інфармацыйнай вайны ў Беларусі», — адзначае аўтар.
На мінулым тыдні, 29 студзеня, інфармацыйна-аналітычны партал «Русская планета», які пасьлядоўна прапагандуе імпэрскую ідэалёгію, апублікаваў артыкул «Усе мы рускія», дзе адзначаецца, што «Беларусь павольна, але ўпэўнена рухаецца да мадэлі этнічнага нацыяналізму па ўкраінскім узоры». Сам беларускі нацыяналізм называюць штучным, «выведзеным у польскіх прабірках».
У артыкуле сьцьвярджаецца, што «калі яшчэ некалькі гадоў таму любыя праявы нацыяналізму БНФ бязьлітасна душыліся, то цяпер заўважана, што беларускія ўлады ўзялі на ўзбраеньне зьмешчаныя раней пад негалосную забарону гістарычныя сымбалі, якія традыцыйна выкарыстоўваюцца нацыяналістычна настроенай апазыцыяй».
«Такое ўражаньне, што Лукашэнка, назіраючы за крызісам ва Ўкраіне, зрабіў высновы пра патэнцыйную сілу нацыяналізму і вырашыў узначаліць набіраючы аўтарытэт рух, пакуль ён не разьвіўся ў паўнавартасную апазыцыю. Як і ў выпадку любога іншага нацыяналізму, гэта азначае хуткае проціпастаўленьне „сваіх“ „чужым“. Відавочна, што ў ролі апошніх апынецца Расея», — мяркуе аўтар артыкула.
Варта саму Расею зрабіць такой цудоўнай і прывабнай, каб быць нацыяналістам нейкага дробнага племя на ўскраіне было б проста сорамна і няёмка.
«Што можа супрацьпаставіць Расея падобнай палітыцы? Відавочна, дзейнічаць па падобнай, сымэтрычнай схеме, але больш магутна і эфэктыўна. Па-першае, заявіць цьвёрдую ідэалягічную пазыцыю аб гістарычна адзіным рускім народзе, які заўсёды жыў ад Кіева да Масквы і ад Нарвы да Адэсы. Ня „трыадзіны“, а адзіны, без усялякіх эківокаў. А па-другое, варта саму Расею зрабіць такой цудоўнай і прывабнай, каб быць нацыяналістам нейкага дробнага племя на ўскраіне было б проста сорамна і няёмка», — піша «Русская планета».
Аналягічны па сэнсе, але больш стрыманы па форме артыкул «Этнічны нацыяналізм на ўкраінскім узор: куды ідзе Беларусь?» публікуе інфармацыйнае агенцтва Eurasia Daily (EADaily). Беларускія ўлады тут абвінавачваюцца ў маштабнай кампаніі беларусізацыі.
У артыкуле адзначаецца, што пад «рытарычныя заявы аб вернасьці інтэграцыйным праектам з Расеяй», Беларусь «павольна, але ўпэўнена рухаецца да мадэлі этнічнага нацыяналізму на ўкраінскі ўзор».
Беларусізацыя не выпадковая і разглядаецца ўладамі як важны палітычны крок, які неабходна ажыцьцявіць любой цаной.
«На меры па беларусізацыі былі вылучаныя немалыя сродкі, нягледзячы на тое, што Беларусь знаходзіцца ў катастрафічным эканамічным становішчы і просіць крэдыт у МВФ на выплату працэнтаў па папярэдніх крэдытах. Такім чынам, беларусізацыя не выпадковая і разглядаецца ўладамі як важны палітычны крок, які неабходна ажыцьцявіць любой цаной. Меры па выцясьненьні расейскай мовы ўжо выклікаюць падтрымку і адабрэньне дзеяньняў уладаў нават у самых непрымірымых апазыцыйных нацыяналістычных СМІ, якія звычайна настроеныя крытычна да любых ініцыятываў рэжыму А.Лукашэнкі», — падкрэсьліваецца ў артыкуле.
Артыкулы такога кшталту актыўна перадрукоўваюцца (цалкам ці часткова) маргінальнымі інтэрнэт-рэсурсамі, асноўнай мэтай якіх зьяўляецца інфармацыйная падтрымка баевікоў на Данбасе (сайты «Русская весна», anna-news.info і г.д.).