«Сьвіны» грып на Гомельшчыне

На Гомельшчыне рэгіструецца сэзонны рост вострых рэсьпіраторных захворваньняў. Агулам яны не перавышаюць пакуль узровень мінулага году і разьліковых паказьнікаў, устаноўленых Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. Аднак ёсьць характэрная асаблівасьць: на фоне негрыпозных вірусаў рэгіструюцца выпадкі грыпу А (H1N1 pdm), які ў народзе называюць «сьвіным».

Галоўны санітарны ўрач Гомельскай вобласьці Аляксандар Тарасенка паведаміў СМІ, што ў рэгіёне зарэсгістраваны ўжо 7 выпадкаў захворваньняў на гэты небясьпечны вірус — непасрэдна ў Гомелі, а таксама ў Добрускім і Рагачоўскім раёнах.

Аднак у інтэрнэце амаль адразу зьявілася інфармацыя пра значнае павелічэньне захворваньняў на вірусападобныя інфэкцыі ў Акцябрскім раёне.

Пра гэта, у прыватнасьці, апавёў на інтэрнэт-рэсурсе «Рудабельская паказуха» мясцовы блогер Андрэй Павук, маючы на ўвазе і захворваньне на цяжкую пнэўманію сваёй дачкі. У мясцовую рэанімацыю траплялі людзі, якім з прычыны падобнай пнэўманіі, рабілі штучную вэнтыляцыю лёгкіх.

«Як мініум, двое пацыентаў памерлі, але летальны сыход, наколькі мне вядома, не зьвязваюць з успышкай пнэўманіі», — кажа спадар Павук.

Тым часам Акцябрскі раённы цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі ў адмысловым прэс-рэлізе паведаміў, што за апошні тыдзень студзеня ўзровень захворваньняў на вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі вышэйшы за адпаведны паказьнік мінулага году ў 3,7 раза. У эпідэмічны працэс уцягваюццца амаль пароўну і дзеці, і дарослыя. Апрача таго, лябараторнымі дасьледаваньнямі пацьверджаны тры выпадкі «сьвінога» грыпу H1N1, пра якія ня згадваў кіраўнік абласной санслужба.

Больш таго, «сьвіному» грыпу у Акцябрскім не надаў увагі 31 студзеня ў этэры тэлеканала «Беларусь 1» і галоўны санітарны ўрач краіны Ігар Гаеўскі. Паведаміў толькі, што ў Беларусі зарэгстравана 38 выпадкаў заражэньня грыпам H1N1. У ліку захварэлых ёсьць і дзеці.

УАкцябрскім ЦГіЭ адмаўляюцца назваць нейкія новыя зьвесткі пра эпідэмічную сытуацыю ў раёне па стану на 1 лютага. Мясцовы эпідэміёляг спасылаецца на тое, што галоўнага санітарнага лекара Сяргея Белага выклікалі ў Гомель, а без яго дазволу ніякую інфармацыю пра грып паведаміць ня могуць. Запэўніваюць толькі, што новых выпадкаў «сьвінога» грыпу ў раёне ня выяўлена.

Не называюць ніякіх лічбаў адносна распаўлюду грыпу H1N1 і ў абласным цэнтары гігіены і эпідэміялёгіі, спасылаючыся на тое, што ня могуць гэта зрабіць без дазволу галоўнага ўрача Аляксандара Тарасенкі, а той, маўляў, праводзіць нараду.

Беларускі нацыянальны цэнтар па грыпе пранагназуе, што рост захворваньняў на грып сёлета будзе мець памяркоўную інтэнсіўнасьць і прыпадзе менавіта на канец студзеня — пачатак лютага. Чакаецца, што цыркуляваць у краіне будуць сэзонныя штамы грыпаў A(H3N2), A(H1N1) і В.

Пазьбегнуць эпідэміі, на думку спэцыялістаў-эпідэміёлягаў, дазволіць высокі ўзровень ахопу насельніцтва вакцынацыяй супраць грыпу — агулам 3,9 мільёна чалавек, альбо 41,7 адсотка ўсяго насельніцтва. Гэта значна вышэйшы паказьнік, чым, скажам, у Расейскай Фэдэрацыі, дзе імунізацыю атрымліваюць толькі 29–33 адсоткі жыхароў.

Заклапочанасьць беларусаў «сьвіным» грыпам выклікана складанай сытуацыяй у паўднёвых суседзяў — ва Ўкраіне, дзе, паводле зьвестак Украінскага цэнтру кантролю і маніторынгу захворваньняў Міністэрства аховы здароўя, на вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі перахварэлі звыш 3,2 мільёна чалавек, 171 зь іх памерлі ў выніку розных ускладненьняў.

Беларусь у гэтай сувязі абсталявала свае найбольш бойкія паўднёвыя памежныя пераходы цеплавізарамі, каб на мяжы выяўляць хворых на грып падарожнікаў, якія з Украіны кіруюцца ў Беларусь.