Што трэба ўключыць у мэтадычныя рэкамэндацыі для чальцоў участковых і акруговых выбарчых камісіяў і як лепей арганізаваць трэнінгі для іх?
З абмеркаваньня гэтага пытаньня Цэнтральная выбарчая камісія 1 лютага пачала падрыхтоўку да выбараў у Палату прадстаўнікоў. Пра гэта Свабодзе сёньня паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік:
«Мы не зацыкліваемся на канкрэтнай даце выбараў — ці яны пройдуць 11 верасьня, ці ў нейкі іншы дзень. У любым выпадку сваю працу нам неабходна зрабіць, і яна не зьвязаная з канкрэтнымі тэрмінамі.
У правядзеньні сёлетніх выбараў параўнальна з папярэднімі будуць пэўныя зьмены. Але тут усё ў нашых руках. Мэтадычныя рэкамэндацыі распрацоўваем мы, пастановы рыхтуем і прымаем таксама мы. І нават калі рэкамэндацыі будуць гатовыя, мы зможам апэратыўна ўнесьці ў іх зьмяненьні».
Паводле сакратара ЦВК, пра магчымыя зьмяненьні ў выбарчай кампаніі можна будзе больш дакладна казаць пасьля сустрэчы старшыні ЦВК з Аляксандрам Лукашэнкам:
«Заяўку на такую сустрэчу Лідзія Міхайлаўна падала. Цяпер чакаем, калі кіраўнік дзяржавы зможа яе прыняць».
У размове са Свабодай Мікалай Лазавік сказаў, што дата 11 верасьня для парлямэнцкіх выбараў ня самая зручная:
У мяне ўжо даволі даўно існуе думка, што нам трэба было б вызначыць адзіны дзень выбараў.
«Амаль усё тут прыпадае на летні пэрыяд. У мяне ўжо даволі даўно існуе думка, што нам трэба было б вызначыць адзіны дзень выбараў. Як гэта робіцца ў некаторых краінах. Напрыклад, узяць для гэтага другую альбо трэцяю нядзелю лістапада. Ці — сакавік. На мой погляд, гэта найбольш зручныя тэрміны.
У нас жа ўвесь час графік выбараў ссоўваецца. І вось атрымліваецца, што найбольш актыўная фаза выбараў сёлета прыпадае на лета. А ў гэты час выбарцы ў адпачынках. А ўдзельнікі выбараў мусяць парыцца на сонцы — зьбіраць подпісы».