Клінтан і Трамп — фаварыты папярэдніх выбараў у ЗША

Hillary Clinton and Donald Trump, illustration

Найбуйнейшыя партыі ЗША пачынаюць вызначаць кандыдатаў у прэзыдэнты.

Першае галасаваньне пройдзе сёньня ў штаце Аява.

Дзьве найбуйнейшыя партыі Злучаных Штатаў — дэмакраты і рэспубліканцы — пачынаюць сёньня працэс папярэдніх выбараў, падчас якога павінны вызначыцца кандыдаты ў прэзыдэнты ЗША.

Паводле традыцыі, першымі прагаласуюць выбарцы штату Аява. Там і ў дэмакратаў, і ў рэспубліканцаў пройдуць гэтак званыя «кокусы» — сходы партыйных актывістаў па вылучэньні кандыдатаў у прэзыдэнты.

Паводле апытаньняў грамадзкай думкі і прагнозаў аналітыкаў, найлепшыя шанцы на перамогу ў Аяве сярод кандыдатаў-дэмакратаў — у былога дзяржсакратара Хілары Клінтан. Канкурэнцыю ёй можа скласьці сэнатар Бэрні Сандэрс.

Большасьць прыхільнікаў Рэспубліканскай партыі ў Аяве, паводле апытаньняў, схіляецца да кандыдатуры мільярдэра Доналда Трампа. Яго галоўныя канкурэнты ў гэтым штаце — сэнатары Тэд Круз і Марка Рубіё. Усяго ў рэспубліканскай «гонцы» ўдзельнічаюць 11 заўважных.

Праз тыдзень папярэднія выбары — «праймэрыз» — пройдуць у штаце Нью-Гэмпшыр. Завершыцца ж галасаваньне на ўнутрыпартыйных выбарах у пачатку чэрвеня. Афіцыйна дэмакраты і рэспубліканцы назавуць сваіх кандыдатаў у прэзыдэнты ў ліпені.

Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША пройдуць 8 лістапада.