Форум прадпрымальнікаў завяршыўся. Шумчанку прынялі ў грамадзка-кансультацыйную раду Мінэканомікі

У канфэрэнц-залі гатэля «Пэкін» у Менску скончыўся форум прадпрымальнікаў. Паводле дадзеных арганізатараў, на сёньняшнім сходзе зарэгістравалася амаль 3 тысячы ІП.

Намесьнік дырэктара дэпартамэнту па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Пётар Арушаньянц паведаміў напрыканцы сходу, што лідэр прадпрымальніцкага руху «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка прыняты ў грамадзка-кансультацыйную раду Мінэканомікі па пытаньнях, зьвязаных з указам № 222.

Анатоль Шумчанка выступіў з ініцыятывай папрасіць расейскую амбасаду паспрыяць сустрэчы «Пэрспэктывы» з расейскімі прадпрымальнікамі. Прадпрымальнікі таксама прапанавалі зьвярнуцца ў МВФ, каб Беларусі перасталі выдаваць крэдыты.

Прадпрымальнікі абвясьцілі, што будуць ладзіць мітынг 15 лютага ў Парку дружбы народаў. Наступны форум мае адбыцца 29 лютага.