Стваральнікі сайта Chinovniki.info расказалі Свабодзе, што задумалі яго як «народную вікіпэдыю маніторынгу і агульнанароднага кантролю ўлады шляхам апублікаваньня інфармацыі пра працы чыноўнікаў і дэпутатаў».
Валянтэр групы сайтаў кампаніі «Наш дом» Артур Юдзіцкі кажа, што сайт працуе ўжо каля трох гадоў, і ўнутраная база чыноўнікаў на ім налічвае 60 тысяч імёнаў. На сайце пакуль даступныя зьвесткі пра 27 тысяч — гэта інфармацыя спраўджаная і дакладная.
Ёсьць на сайце і іншыя зьвесткі — напрыклад, навіны пра дзейнасьць чынавенства і дэпутатаў у Беларусі. Але аснову складае менавіта база імёнаў чыноўнікаў, якіх можна шукаць па абласьцях ці арганізацыях.
«Мы адсочваем зьмены на сайтах мясцовай улады і прадпрыемстваў, а таксама празвоньваем іх — дзеля таго каб зьвесткі былі актуальныя», — кажа Артур Юдзіцкі.
У дэмакратычных грамадзтвах чынавенства нясе справаздачнасьць перад грамадзянамі. На жаль, у Беларусі сытуацыя цалкам адрозная.
«Паміж Беларусьсю і заходнімі краінамі ёсьць вялікае адрозьненьне. У дэмакратычных грамадзтвах чынавенства нясе справаздачнасьць перад грамадзянамі. Гэта не абмяркоўваецца: за любыя дзеяньні ці бязьдзейнасьць будзе справаздача. На жаль, у Беларусі сытуацыя цалкам адрозная. Любы чыноўнік ці дэпутат убудаваны ў вэртыкаль улады, і для яго задача нумар адзін — дагадзіць чыноўніку, які стаіць вышэй. Выбаршчыкі, грамадзяне яго турбуюць у самую апошнюю чаргу. Сыстэма прыярытэтаў у яго такая: дагадзіць начальству, расьпілаваць бюджэт, нешта скрасьці сабе, нешта сабе пабудаваць за дзяржаўны кошт. І пакуль што ня бачна ніякіх зрухаў для таго, каб Беларусь рабіла крокі ў бок дэмакратызацыі, справаздачнасьці», — кажа Артур Юдзіцкі, адказваючы на пытаньне, для чаго патрэбная пляцоўка Chinovniki.info.
Старонка пабудаваная па прынцыпе вікіпэдыі, якую запаўняюць простыя людзі. Уносіць можна ня толькі афіцыйныя дадзеныя (імёны, прозьвішчы, кантакты), а яшчэ і апісаньне спраў, якімі займаецца той ці іншы чыноўнік. Можна дадаваць афіцыйныя паперы — рапарты, карэспандэнцыі, звароты, адказы чыноўнікаў, судовыя выракі і г.д.
Гэта пляцоўка для ўзаемадзеяньня людзей з чынавенствам і дэпутатамі. Гэта і кантакты, і інфармаваньне, і магчымасьць ацаніць працу канкрэтнага чалавека.
«Гэта пляцоўка для ўзаемадзеяньня людзей з чынавенствам і дэпутатамі. Гэта і кантакты, і інфармаваньне, і магчымасьць ацаніць працу канкрэтнага чалавека. Гэта ня значыць, што сайт скіраваны толькі на нэгатыў. Калі чалавек зьвярнуўся да чыноўніка і той дапамог — ёсьць магчымасьць ацаніць гэтага чыноўніка, паставіць высокі бал. І наадварот: не адказвае, не вырашае пытаньне — можна паставіць нізкі бал. У гэтым і сэнс пляцоўкі для ўзаемадзеяньня. Мы ведаем, што чыноўнікі турбуюцца пра гэтыя балы, заходзяць на сайт, сочаць за сваёй старонкай. Мы нават рабілі ўзнагароджаньне па выніках году — адзначалі найлепшага і найгоршага сярод чыноўнікаў і дэпутатаў», — кажа Артур Юдзіцкі.
Валянтэр лічыць, што дзякуючы сайту Chinovniki.info некалькі кампаніяў, зьвязаных з працай чыноўнікаў, прайшлі ў Беларусі пасьпяхова:
«Мы доўга змагаліся, каб прымусіць чыноўнікаў хаця б завесьці электронныя скрыні. У выніку 20% тых, да каго мы зьвярталіся, завялі эмэйлы. Пасьля была ініцыятыва, зьвязаная з тым, каб дэпутаты і чыноўнікі прымалі ў вячэрні час, калі людзі вызваляюцца з працы. У гэтым кірунку велізарныя зрухі былі зробленыя. Асабліва можна адзначыць Слуцак і Гомель, дзе кампанія прайшла найбольш пасьпяхова».